Прадстаўніца АПК па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава звярнула ўвагу на выклікі, з якімі сутыкаюцца беларускія абітурыенты
2026-06-18
Напярэдадні ўступнай кампаніі прадстаўніца АПК па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава пракаментавала сітуацыю, з якой сёння сутыкаюцца беларускія абітурыенты пры выбары адукацыйнага шляху.«Калі адміністрацыя школы ведае пра планы школьніка паступаць за мяжу, з ім і яго бацькамі могуць праводзіць прафілактычныя гутаркі, спрабуючы адгаварыць або запалохаць»,
— адзначае Маргарыта Ворыхава.
Паводле яе слоў, беларускія ўлады паслядоўна ствараюць перашкоды для тых, хто хоча атрымаць еўрапейскую адукацыю: узмацняецца ціск у школах, узнікаюць дадатковыя бар’еры для паступлення, а студэнтаў усё часцей спрабуюць адгаварыць ад навучання за мяжой.«Тое, што адбываецца цяпер, паказвае: дзяржава не настроена падтрымліваць студэнтаў, якія хочуць атрымаць еўрапейскую адукацыю. Наадварот, ціск і запалохванне толькі ўзмацняюцца»,
— падкрэслівае Маргарыта Ворыхава.
Яна таксама звярнула ўвагу на рызыкі, з якімі могуць сутыкнуцца беларускія абітурыенты, што выбіраюць навучанне ў Расіі.«Мы ведаем пра выпадкі, калі пасля паступлення студэнтаў спрабуюць вербаваць у расійскую армію і накіроўваць на вайну супраць Украіны. Таму тут трэба быць вельмі асцярожнымі і не паддавацца на такія заклікі»,
— адзначае яна.



