Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Учора ў брытанскім парламенце на сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка прадставіла эканамічныя рэформы для новай Беларусі.

2026-06-05

Яе галоўная думка простая: будучыню Беларусі не выйграць адной палітыкай, яе выйграе эканоміка.
Аліса Рыжычэнка прадставіла комплексны план эканамічных рэформаў, які рыхтуецца разам з камандай і групай экспертаў, канкрэтны і ўзгоднены з еўрапейскімі стандартамі і стандартамі АЭСР.

Але галоўнае, яна звярнулася да парламентарыяў з канкрэтнымі прапановамі. Не з просьбай пра агульную падтрымку, а з рэальнымі крокамі, якія можна зрабіць ужо цяпер 👇

1. Прафінансаваць падрыхтоўку рэформаў напрамую.
Падрыхтоўка заканадаўства, фінансавых мадэляў і дарожных карт. Гэтую працу трэба рабіць цяпер, да транзіту, а не пасля. Некаторыя краіны ЕС ужо зрабілі першыя ўнёскі, і Аліса Рыжычэнка заклікала астатніх далучыцца.

2. Падзяліцца экспертызай і адкрыць свае інстытуцыі.
Беларусі патрэбныя спецыялісты ў сферы дзяржаўных фінансаў, барацьбы з карупцыяй, лічбавага кіравання і банкаўскага нагляду, і Аб’яднаны пераходны кабінет гатовы ствараць сумесныя працоўныя групы. Асобна Аліса Рыжычэнка адзначыла, што Вялікабрытанія можа прапанаваць тое, чаго не можа ніхто іншы: англійскае камерцыйнае права як мадэль для беларускага інвестыцыйнага заканадаўства і дапамогу ў стварэнні прафесіі антыкрызіснага кіравання, дзе брытанцы з'яўляюцца сусветнымі лідарамі.

3. Даць Беларусі асобнае месца ў сваёй павестцы.
Сёння Беларусь занадта часта застаецца толькі зноскай ва «ўкраінскай тэчцы» ці ва ўсходнім напрамку. Гэта стратэгічная памылка. Аліса Рыжычэнка заклікала прызнаць Беларусь асобным радком у бюджэтах бяспекі і дэмакратыі і падтрымаць афіцыйны агляд беларускіх рэформаў з боку АЭСР, крок, які адкрывае дзверы да МВФ і Сусветнага банка.

4. Гаварыць пра Беларусь у сваіх парламентах.
Прымаць беларускія дэлегацыі ў камітэтах і наведваць беларускія дыяспары. Кожны раз, калі заходні парламент называе Беларусь, наратыў рэжыму пра ізаляцыю слабее.

5. Дапамагчы аб’яднаць падтрымку.
Аліса Рыжычэнка прапанавала стварыць адзіную каардынацыйную платформу донараў па ўзоры Ukraine Donor Platform, якая аб'яднае ўнёскі Вялікабрытаніі, ЕС, ЗША, Канады і іншых партнёраў. Аб’яднаны пераходны кабінет гатовы быць партнёрам з беларускага боку.

Кожны з гэтых крокаў канкрэтны. І кожны можна пачаць ужо цяпер.

Беларусь можа стаць свабоднай, заможнай і бяспечнай краінай на ўсходняй мяжы Еўропы. Гэта не мара, гэта план

Main carousel image