Свабода народа пачынаецца з яго салідарнасці
2026-06-02
«Менавіта польская "Салідарнасць" і яе лідар — Лех Валенса паказалі, што сапраўдная сіла — у яднанні. Што супольная воля здольная вярнуць людзям голас і сілу, і тады любая беспакаранасць заканчваецца, а уяўны маналіт дыктатуры непазбежна крышыцца», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас цырымоніі ўручэння ўзнагароды Леху Валенсу.
Падчас II Касцюшкаўскага форуму, які арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці, адбылася цырымонія ўручэння ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета «Крыж Добрасуседства» Леху Валенсу. Гэтая ўзнагарода ўручаецца за асаблівы ўнёсак у наладжванне адносін паміж Беларуссю і іншымі краінамі, а таксама за спрыянне дэмакратычным зменам у Беларусі. Адпаведная пастанова была прынятая 7 студзеня 2026 года, а ўзнагароду ад імя свайго бацькі Леха Валенсы прыняў яго сын Богдан Валенса.
«Свабода народа пачынаецца з яго салідарнасці. У 2020 годзе беларусы прадэманстравалі гэтую сілу ўсяму свету і працягваюць быць салідарнымі сёння — у падтрымцы палітвязняў, узаемадапамозе ўнутры Беларусі і ў эміграцыі, дзе мы штодня падстаўляем плячо адзін аднаму.
Мы бачым, як сёння дыктатары і аўтакраты паверылі ў сваю поўную беспакаранасць. Як вырашылі, што могуць знішчаць правы чалавека і пагражаць бяспецы суседзяў. Але менавіта салідарнасць свабодных людзей і нацый — гэта тая рэальная сіла, якая здольная і павінна паставіць агрэсіўных дыктатараў на месца», — адзначыў падчас уручэння ўзнагароды Павел Латушка.



