Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

"У Дзень абароны дзяцей важна гаварыць не толькі пра свята, але і пра тых, чыё дзяцінства апынулася пад ударам рэпрэсій". (с)

2026-06-01

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Беларусі Вольга Зазулінская — пра дзяцей беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных сем’яў. Каментар цалкам 👇

У Дзень абароны дзяцей важна гаварыць не толькі пра свята, але і пра тых дзяцей, чыё дзяцінства было разбуранае рэпрэсіямі.

Дзеці палітзняволеных, рэпрэсаваных бацькоў у Беларусі і тыя, хто быў вымушаны разам з сем’ямі пакінуць краіну, сталі нябачнымі закладнікамі дзяржаўнай жорсткасці. Дзяржава рэпрэсуе не толькі дарослых — праз арышты, тэрміны, звальненні, ціск і выгнанне яна карае і іх дзяцей.

Гэтыя дзеці сталеюць не таму, што выбралі быць моцнымі, а таму, што іх сем’і апынуліся ў сітуацыі, дзе дзяцінству проста не пакінулі месца. Яны чакаюць бацькоў з турмаў, растуць у разлуцы, перажываюць ператрусы, страх, беднасць, стыгму, вымушаныя пераезды і страту звыклага дома.

Дзяржава, якая павінна абараняць дзіця, сёння не проста не выконвае гэты абавязак — яна свядома стварае для тысяч дзяцей невыносныя ўмовы жыцця. Праз рэпрэсіі многія беларускія дзеці апынуліся па-за межамі Беларусі і праходзяць праз стрэс эміграцыі, адаптацыю да новай школы, мовы, асяроддзя і жыцця ў няпэўнасці.

Гэта досвед, праз які яны не павінны былі праходзіць. Ніводнае дзіця не павінна плаціць за грамадзянскую пазіцыю сваіх бацькоў, за іх годнасць, салідарнасць і імкненне жыць у свабоднай краіне.

Наш абавязак — бачыць гэтых дзяцей, гаварыць пра іх досвед і рабіць усё магчымае, каб яны атрымлівалі падтрымку, бяспеку і права на нармальнае дзяцінства. Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, абарона дзяцей — гэта не фармальнасць, а пытанне адказнасці, справядлівасці і чалавечнасці.

Main carousel image