Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Прадстаўнікі дэмсілаў прынялі ўдзел у абмеркаванні праблемаў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне

2026-05-31

У Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з Камітэтам Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях еўраінтэграцыі і дэпутатамі міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь».

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама дзеючыя беларускія добраахвотнікі і ветэраны.

Ад прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўніца Вольга Зазулінская і яе намесніца Анастасія Махамет.

Асобная ўвага падчас сустрэчы была нададзеная праблемам беларускіх добраахвотнікаў і іх сем’яў. Важна было тое, што добраахвотнікі і ветэраны распавялі пра ўласны досвед і праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас службы, пасля раненняў, пры праходжанні працэдур легалізацыі і ў пытаннях сацыяльнай абароны.

Значная частка сустрэчы была прысвечаная праблемам міграцыйнага заканадаўства, абмяркоўваліся пытанні прававога статусу, доступу да дзяржаўных сэрвісаў, банкаўскіх паслуг, сацыяльных гарантый і магчымасцяў доўгатэрміновага знаходжання ва Украіне.

Асобнай тэмай стала становішча сем’яў беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне або лічацца зніклымі без вестак. Удзельнікі звярнулі ўвагу на прававыя і сацыяльныя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, а таксама на неабходнасць выпрацоўкі дадатковых механізмаў падтрымкі такіх сем’яў.

Падчас дыскусіі было асобна падкрэслена, што стварэнне эфектыўнай сістэмы прававой і сацыяльнай абароны беларускіх добраахвотнікаў – гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і непасрэдна ўплывае на магчымасці прыцягнення новых добраахвотнікаў, умацоўвае матывацыю вайскоўцаў і адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі Украіны.

«Праблемы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне даўно выйшлі за межы асобных выпадкаў. Мы бачым неабходнасць комплекснага падыходу да пытанняў легалізацыі, сацыяльнай абароны, доступу да дзяржаўных паслуг і падтрымкі сем’яў. Людзі, якія прынялі рашэнне абараняць Украіну, павінны разумець, што дзяржава здольная гарантаваць ім і іх родным базавую прававую і сацыяльную бяспеку.

Менавіта таму мы працягваем працу над пошукам сістэмных рашэнняў разам з украінскімі партнёрамі, каб прававы статус і сацыяльная абарона беларускіх добраахвотнікаў адпавядалі іх укладу ў абарону Украіны», — адзначыла Вольга Зазулінская.

«Падчас сустрэчы мы пачулі не толькі пазіцыі экспертаў і прадстаўнікоў дзяржаўных інстытутаў, але і галасы саміх добраахвотнікаў і ветэранаў. За кожнай юрыдычнай калізіяй або нормай заканадаўства стаяць канкрэтныя людзі: байцы, якія працягваюць службу, сем’і палонных і зніклых без вестак, родныя загінулых, ветэраны пасля раненняў», — лічыць Анастасія Махамет.

Удзельнікі сустрэчы дамовіліся працягваць працу для вырашэння праблемаў у межах далейшага дыялогу паміж украінскім бокам і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі.

@CabinetBelarus

Main carousel image