Святлана Ціханоўская з дэлегацыяй сустрэлася з кіраўніцтвам украінскага Координаційного штабу з питань поводження з військовополоненими.
2026-05-27
У штаб уваходзяць прадстаўнікі 22 дзяржаўных органаў, сілавых структураў і ведамстваў, у тым ліку ГУР, Офіса прэзідэнта, паліцыі і іншых.
З украінскага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі сакратар штабу, брыгадны генерал Дзмітро Усаў, кіраўнік Сакратарыята Координаційного штабу Багдан Ахрыменка і яго каманда.
Ціханоўская падзякавала Координаційному штабу за супрацоўніцтва падчас арганізацыі бяспечнага вывазу беларускіх палітычных вязняў, вызваленых у выніку намаганняў ЗША. Менавіта штаб арганізаваў суправаджэнне і падтрымку вызваленых і быў на сувязі з прадстаўнікамі Офіса Ціханоўскай і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
У сустрэчы таксама ўдзельнічаў Яраслаў Чарнагор, амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па адносінах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з беларускімі добраахвотнікамі, вырашэнне іх праблемаў, а таксама лёс «Тромблі» і «Кляшча», якія знаходзяцца ў расійскім палоне, магчымасці іх абмену, а таксама магчымасці вызвалення ці абмену палітвязняў у беларускіх турмах, асуджаных за падтрымку Украіны. Абмеркавалі таксама сітуацыю з Васілём Верамейчыкам і іншымі закладнікамі рэжыму.
На жаль, існуюць пэўныя абмежаванні, звязаныя з міжнароднымі канвенцыямі, якія ўскладняюць абмен цывільных на вайсковых з далучэннем трэцяй краіны.
Абмеркавалі таксама супрацоўніцтва для спынення рэкрутынгу беларусаў у расійскую армію: многія з тых беларусаў, што ідуць у расійскую армію, робяць гэта дзеля грошай, і ўжо 400 беларускіх грамадзянаў, якія ваявалі за Расію, загінулі.
Падчас сустрэчы быў арганізаваны відэазванок паміж Ціханоўскай і трыма грамадзянамі Беларусі, якія ваявалі за Расію, былі ўзятыя ў палон і цяпер знаходзяцца ў лагеры для ваеннапалонных. Ціханоўская запытала палонных беларусаў пра іх матывацыю. Яны адказалі, што пайшлі ваяваць дзеля грошай і цяпер шкадуюць пра гэта. Рэжым Лукашэнкі не зацікаўлены ў іх вызваленні ці абмене, гэтаксама яны не цікавыя і Расіі, таму іх лёс застаецца нявызначаным.
Таксама дамовіліся абменьвацца інфармацыяй па пытанні незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, у якім актыўна ўдзельнічае рэжым Лукашэнкі. Павел Латушка і ягоная каманда Народнага Антыкрызіснага Упраўлення сабралі доказы аб гвалтоўным вывазе і перададуць усе неабходныя матэрыялы ўкраінскаму боку.
Бакі таксама дамовіліся стварыць рабочую групу для працягу супрацоўніцтва.





