Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Святлана Ціханоўская: Беларусы падтрымліваюць украінскую армію і гатовыя ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны

2026-05-26

Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці Міжнароднага саміта гарадоў і рэгіёнаў «Партнёрства. Стойкасць. Гатоўнасць».

«Для мяне няма пытання, ці пераможа Украіна. Пытанне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца. І гэта залежыць ад таго, наколькі шмат мы ўсе зробім, каб наблізіць гэты момант... Украіна змагаецца за ўсе народы, якія занадта доўга жылі ў цені імперыі. Яна змагаецца за самае галоўнае — за права жыць у міры. І лёс маёй краіны, таксама залежыць ад Украіны. Я веру, што свабодная Украіна адкрые шлях і для свабоднай Беларусі», — сказала палітык.

Святлана Ціханоўская распавяла, што пабачыла ва Украіне жахлівыя наступствы расійскіх ўдараў, яна «наведала шмат мемарыяльных месцаў у памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Украіну».

«Я бачыла разбурэнні і тое, як людзі працягваюць змагацца, нягледзячы ні на што. Але я ўбачыла і іншае. Я ўбачыла, як камунальныя службы ўжо на наступную раніцу аднаўляюць горад. Я бачыла будаўнікоў, якія аднаўляюць вуліцы і інфраструктуру. Я бачыла, як працуюць людзі, каб аднавіць лагістыку», - падкрэсліла кіраўніца АПК.

Паводле яе, стойкасць украінскага народа «немагчыма знішчыць ні ракетамі, ні шантажом, ні ядзернымі пагрозамі Расіі». «Таму Украіна вызваляе не толькі сябе. Яна паказвае Пуціну і яго прыхільнікам, што імперыялізм больш не працуе», - лічыць палітык.

Яна папрасіла «адрозніваць злачынны рэжым Лукашэнкі, які служыць інтарэсам Расіі, ад беларускага народа, які быў уцягнуты ў гэтую сітуацыю», нагадала, што «беларускія добраахвотнікі таксама ваююць на полі бою супраць расійскіх войскаў».

«Мы падтрымліваем украінскую армію і гатовыя ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны. Мы гатовыя ўнесці свой уклад у размініраванне, аднаўленне інфраструктуры, падзяліцца нашымі лепшымі практыкамі і дапамагчы ў распрацоўцы праграм рэабілітацыі. Нашы IT-спецыялісты гатовыя дзяліцца тэхналогіямі для абароны ўкраінскай дэмакратыі. Наша дыяспара па ўсім свеце гатова прынесці свой досвед і энергію для аднаўлення Украіны.

Але самае галоўнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні, — гэта гарантыя бяспекі. Гарантыя таго, што больш за 1000 кіламетраў агульнай мяжы ніколі больш не будуць выкарыстоўвацца як плацдарм для агрэсіі.

Пагроза ніколі больш не павінна ісці з тэрыторыі Беларусі ў бок Чарнігава, Жытоміра, Роўна або Кіева.

Калі Беларусь стане свабоднай, нашы гарады і рэгіёны з абодвух бакоў мяжы адновяць партнёрства і супрацоўніцтва», — перакананая Святлана Ціханоўская.

Палітык назвала Украіну рэгіянальным лідарам: «Вы паказалі ўсяму свету, што такое сапраўдны патрыятызм і сапраўднае лідарства. І я веру, што Украіна дапаможа нам спачатку дэмантаваць дыктатуру, а потым аднавіць нашу краіну пасля гадоў аўтарытарызму».

«Дарагія ўкраінцы, ад імя беларусаў я хачу сказаць: вы натхняеце нас і даяце нам надзею. Мы захапляемся вашай мужнасцю і вучымся ў вас, — дадала кіраўніца АПК. — Сёння мы змагаемся супраць аднаго і таго ж зла — і за адны і тыя ж каштоўнасці: свабоду, дэмакратыю і еўрапейскую будучыню. І ніхто не павінен заставацца ўбаку ад гэтай барацьбы».

@CabinetBelarus

Main carousel image