Пра што дэмсілы дамовіліся з міністрам замежных справаў Украіны
2026-05-26
У Кіеве дэлегацыя дэмакратычных сілаў на чале з кіраўніцай Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам.
Падчас сустрэчы, якая цягнулася больш за дзве з паловай гадзіны, гаварылі пра далейшае супрацоўніцтва Украіны з дэмакратычнымі сіламі, праблемы беларусаў ва Украіне, супрацу ў сферах культуры, інфармацыі, дыпламатыі.
Вынікі:
– прызначаны амбасадар па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор, які будзе каардынаваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі;
– рыхтуецца запуск каардынацыйнай групы па пытаннях беларусаў ва Украіне, у тым ліку пытаннях легалізацыі, міграцыі, іншых праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ва Украіне;
– перададзены шэраг прапановаў па санкцыях супраць рэжымных прадпрыемстваў і фізічных асобаў, Украіна падыме пытанне Беларусі на радзе міністраў замежных справаў ЕС. Украіна разгледзіць пытанне санкцыяў супраць «Союзного государства»;
– дэмакратычныя сілы далучацца да міжнароднай кааліцыі за вяртанне ўкраінскіх дзяцей;
– дамовіліся на супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні русіфікацыі і падтрымку беларуска-ўкраінскіх культурных і асветніцкіх ініцыятываў, а таксама пра стварэнне ўмоваў для развіцця беларускага студэнцтва ва Украіне;
– міністру была афіцыйна прадстаўлена кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл у Кіеве Святлана Шаціліна;
– перададзеныя прапановы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за міжнародныя злачынствы (акт агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыя дзяцей, злачынствы супраць чалавечнасці);
Падчас сустрэчы дамовіліся супрацьдзейнічаць расійскай дэзынфармацыі і прапагандзе, а таксама прыкладаць намаганні, каб не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну.
Беларускай дэлегацыі таксама прадставілі шэраг гістарычных дакументаў з афіцыйных карэспандэнцыяй УНР І Беларускай народнай рэспублікі ў 1918–1919 гадах.
Святлана Ціханоўская:
«Я радая, што нашыя адносіны выходзіць на новы ўзровень — гэта выразны сігнал што Украіна адрознівае Беларусь і Расію, беларусаў і рэжым. Мы будзем супрацоўнічаць з Украінай па шэрагу напрамкаў, каб абнаўляць дружныя адносіны паміж нашымі народамі, і супрацьстаяць злачынным рэжымам у Мінску і Маскве».
Падчас сустрэчы дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі з міністрам замежных спраў Украіны намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка агучыў тры кірункі, па якім вядзецца праца па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за ўчыненыя міжнародныя злачынствы: акт агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны і злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.
А таксама перадаў канкрэтныя прапановы па павелічэнні санкцыйнага ціску на рэжым. Андрэй Сібіга падтрымаў іх, адзначыўшы, што Украіна будзе весці працу ў кірунку адказнасці і павелічэння санкцый.
Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў складалася з прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушка, прадстаўніцы дэмакратычных сілаў ва Украіне Святланы Шацілінай, дарадцаў Ціханоўскай — Франака Вячоркі, Дзяніса Кучынскага, Анатоля Лябедзькі.
@CabinetBelarus




