Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка дамовіўся пра актывізацыю супрацоўніцтва з Украінай у санкцыйным ціску супраць рэжыму Лукашэнкі

2026-05-25

Важнасць працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі абмеркаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з саветнікам-упаўнаважаным Прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславам Власюком. У сустрэчы прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады, намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан.

«Наш агульны прыярытэт сёння — разам з Украінай жорстка супрацьстаяць любым тэндэнцыям і спробам аслаблення еўрапейскіх санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў па выніках сустрэчы Павел Латушка.

Палітык перадаў канкрэтныя прапановы па ўвядзенні санкцый супраць 17 прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу рэжыму Лукашэнкі, інстытутаў так званай саюзнай дзяржавы, атачэння Лукашэнкі, прапагандыстаў і службовых асоб, датычных да рэпрэсій у Беларусі.

Таксама была адзначаная важнасць максімальнага ўзмацнення кантролю за транзітам тавараў праз Беларусь у трэція краіны і далейшага пашырэння блакавальных санкцый супраць беларускіх банкаў, якія застаюцца падключанымі да расійскай сістэмы СПФС (сістэма перадачы фінансавых паведамленняў).

Арцём Брухан прадставіў украінскаму боку інфармацыю і матэрыялы пра ролю так званай саюзнай дзяржавы ў агрэсіі супраць Украіны і ліквідацыі незалежнасці Беларусі.

Бакі дамовіліся актывізаваць супрацоўніцтва ў пытаннях санкцый у дачыненні да ваенна-прамысловага комплексу, фінансавага сектара, а таксама прапаганды, якая дзейнічае ў інтарэсах «рускага свету». Адзначана важнасць узаемадзеяння на ўзроўні Еўрапейскага саюза па далейшай гарманізацыі санкцыйнага ціску ў гандлі на Расію і рэжым Лукашэнкі.

«Санкцыі за вайну і санкцыі за рэпрэсіі супраць беларускага народа павінны дапаўняць адны адных. Аслабленне ціску на Лукашэнку недапушчальнае ні ў адным з кірункаў. Толькі сумесныя і сінхронныя дзеянні Украіны і дэмакратычных сіл Беларусі дапамогуць пазбавіць рэжым рэсурсаў», — падкрэсліў па выніках сустрэчы Павел Латушка.

@CabinetBelarus

Main carousel image