Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка абмеркаваў у МЗС Украіны тры кірункі супрацоўніцтва па пытаннях адказнасці Лукашэнкі

2026-05-25

«Дзякую дырэктару Дэпартамента міжнароднага права і міжнародна-прававога супрацьдзеяння агрэсіі МЗС Украіны Антону Карыневічу за вельмі канструктыўную сустрэчу, за тыя дамоўленасці, якія дасягнутыя, за магчымую супрацу па пытаннях адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў па трох кірунках», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка па выніках сустрэчы ў МЗС Украіны.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі тры кірункі супрацоўніцтва па пытаннях адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў за злачынствы супраць украінскага і беларускага народаў.

Павел Латушка падзякаваў за заяву міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі пра тое, што Лукашэнка будзе несці адказнасць за злачынства агрэсіі ў дачыненні да Украіны ў межах Спецыяльнага трыбунала па злачынству агрэсіі супраць Украіны, які зараз ствараецца. Таксама Павел Латушка праінфармаваў пра збор доказаў учыненага акта агрэсіі, якім зараз займаецца НАУ; бакі абмеркавалі механізмы і адрасатаў перадачы адпаведных матэрыялаў.

Дамовіліся, што пасля абагульнення гэтых матэрыялаў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадасць іх у МЗС Украіны для наступнай перадачы генеральнаму пракурору Украіны, а таксама ў Міжнародны цэнтр па расследаванні злачынства агрэсіі супраць Украіны ў Гаазе.

Было падкрэслена, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі падчас міжнародных сустрэч будуць лабіяваць важнасць далучэння іншых дзяржаў да механізмаў функцыянавання Спецтрыбунала. Прадстаўнік МЗС Украіны праінфармаваў, што на гэты момант свой удзел у яго стварэнні пацвердзілі 36 дзяржаў і Еўрапейскі саюз.

Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі магчымасці прыцягнення Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і іх наступную індактрынацыю ў інтарэсах «рускага свету». Кіраўнік НАУ праінфармаваў, што Лукашэнка працягвае ўчыняць гэтыя злачынствы. У якасці прыкладу было адзначана, што на мінулым тыдні быў зафіксаваны чарговы прыезд дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Віцебск.

Лукашэнка неаднаразова сам прызнаваўся ва ўчыненні злачынства супраць украінскіх дзяцей. Так, напрыклад, 27 чэрвеня 2023 года ён заявіў: «Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць».

Павел Латушка перадаў інфармацыю пра тое, што не менш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з як мінімум 15 гарадоў былі вывезены на тэрыторыю Беларусі. Таксама адзначыў, што ў выніку даволі працаёмкай дзейнасці ўдалося ідэнтыфікаваць некалькі дзясяткаў дзяцей-сірот з Украіны.

Акрамя таго, намеснік кіраўніцы Кабінета звярнуўся з просьбай да ўкраінскага боку звярнуць увагу Міжнароднага крымінальнага суда і, у прыватнасці, Офіса пракурора на важнасць расследавання дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Падчас абмеркавання ходу расследавання пракурора Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі», звязанай з учыненнем злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, прадстаўнік МЗС Украіны выказаў віншаванні ў сувязі з тым, што ўдалося дасягнуць такога важнага выніку ў працы НАУ і беларускіх праваабарончых арганізацый.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай пра рэалізацыю працэдуры ў адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута і перадачы ў Офіс пракурора МКС інфармацыі па сітуацыі з дэпартацыяй часткі грамадзянскага насельніцтва Беларусі ва Украіну. Гэта звязана з тым, што са жніўня 2020 года дзесяткі тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю Беларусі і выехаць у гэтую краіну, дзе ў далейшым у дачыненні да іх ажыццяўляецца трансгранічны пераслед. Падчас сустрэчы гаворка ішла пра тое, што ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, з’яўляюцца таксама і грамадзяне Украіны.

Бакі дамовіліся працягнуць прадметнае ўзаемадзеянне па ўсіх трох кірунках прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

@CabinetBelarus

Main carousel image