Літва для нас была і застаецца стратэгічным партнёрам у пытаннях падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі
2026-05-22
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы са спікерам літоўскага парламента Юозасам Олекасам выказаў удзячнасць за пазіцыю Літвы ў пытаннях падтрымкі палітычных зняволеных, дэпартаваных на тэрыторыю Літвы, адказнасці рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць беларускага народа. У сустрэчы прынялі ўдзел дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі і намесніца кіраўніцы міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады Ірына Халопіца.
Падчас сустрэчы спікер выказаў поўную падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі. Адзначыў, што парламент Літвы заўсёды адкрыты для правядзення мерапрыемстваў у падтрымку дэмакратычнага руху Беларусі. Таксама падкрэсліў, што ў парламенце падтрымліваюць пазіцыю літоўскага ўрада адносна адказнасці рэжыму і працягу санкцыйнага ціску.
Асобна ў ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі сітуацыю, звязаную з пагрозай бяспецы Літве, якую стварае рэжым Лукашэнкі.
Павел Латушка праінфармаваў Юозаса Олекаса пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду.
Таксама распавёў пра дзеянні, якія прадпрымаюцца па пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей-сірот на тэрыторыю Беларусі, а таксама за здзяйсненне акта агрэсіі супраць Украіны.
Падчас сустрэчы Павел Латушка прадставіў інфармацыю пра працу беларускай дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, а таксама ў іншых міжпарламенцкіх арганізацыях, дзе прадстаўленая КР.
@CabinetBelarus





