«Дэмакратычная Беларусь пачынаецца з сям'і»
2026-05-15
Кіраўнікі Прадстаўніцтваў па нацыянальным адраджэнні і сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета звярнуліся да беларусаў з віншаваннямі з нагоды Дня сям'і.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі:
«Сям’я – гэта месца, дзе пачынаецца чалавек.
Менавіта ў сям’і мы ўпершыню чуем родную мову з усімі яе асаблівасцямі, засвойваем каштоўнасці, вучымся любіць, падтрымліваць, спрачацца і дамаўляцца. Праз сямейныя гісторыі, традыцыі, песні, святы, успаміны пра продкаў і родныя мясціны перадаецца тое, што фарміруе нашу ідэнтычнасць.
Для беларусаў сям’я заўсёды была не толькі прыватнай прасторай, але і месцам захавання культуры. Нават у часы, калі беларуская мова, памяць і традыцыі – усё тое, што мы шануем і любім, – выціскаліся з публічнай прасторы і станавіліся падставай для ціску, яны працягвалі жыць дома – у размовах з бабулямі і дзядулямі, у сямейных звычаях, у словах, якія перадаваліся ад пакалення да пакалення. Сям’я і сёння застаецца адной з наймацнейшых апораў для захавання свайго: разам вывучаць беларускую гісторыю, чытаць беларускія кнігі, слухаць беларускую музыку і перадаваць гэта дзецям.
Цяпер само разуменне сям’і становіцца шырэйшым і больш уважлівым да чалавека. Сям’я – гэта перш за ўсё пра прыняцце, клопат, адказнасць, узаемную павагу і падтрымку. Пра прастору, дзе чалавека любяць за тое, кім ён ці яна ёсць.
Сёння, калі многія беларускія сем’і жывуць у розных краінах, разлучаныя межамі, рэпрэсіямі, вайной, вымушанай эміграцыяй, асабліва важна берагчы сувязі, чуць адно аднаго і заставацца побач – нават на адлегласці».
Прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская:
«Сёння, калі мы гаворым пра сям’ю, мы не можам не казаць пра сем’і палітвязняў. Пра дзяцей, якія растуць без аднаго або абодвух бацькоў, бо яны знаходзяцца ў турмах, СІЗА і калоніях. Пра маці, бацькоў, жонак, мужоў, дзяцей і старэйшых сваякоў, якія месяцамі і гадамі жывуць у чаканні ліста, званка, спаткання, навіны.
Сям’я — гэта і пра тых, хто не можа быць побач у самыя цяжкія моманты: калі палітвязні не маюць магчымасці развітацца з блізкімі, якія сыходзяць з жыцця; калі бацькі і дзеці разарваныя дэпартацыяй, межамі і адсутнасцю прававых механізмаў для ўз’яднання; калі цэлыя сем’і вымушаныя ўцякаць у розныя краіны, ратуючыся ад пераследу.
Гэта таксама пра жыццё ў эміграцыі, дзе трэба нанова будаваць бяспеку, шукаць працу, падтрымку, школу для дзяцей, захоўваць мову, сувязі і адчуванне дому ў чужой краіне. І часта менавіта сям’я становіцца той першай і апошняй апорай, якая дапамагае вытрымаць.
Таму для нас сацыяльная палітыка дэмакратычнай Беларусі — гэта не толькі пра дапамогу і паслугі. Гэта пра абарону чалавечай годнасці, пра падтрымку сем’яў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, пра права дзяцей быць разам з бацькамі, пра права кожнага чалавека мець дом, блізкасць, клопат і бяспеку.
Мы верым, што дэмакратычная Беларусь пачынаецца таксама з сям’і — з павагі да годнасці кожнага чалавека, з роўнасці, даверу, узаемнай падтрымкі і свабоды быць сабой.
Няхай кожная беларуская сям’я — дзе б яна ні была — будзе месцам бяспекі, любові, прыняцця, сілы і надзеі.
З Днём сям’і!»
@CabinetBelarus



