Канстытуцыя 3 мая — наша сумесная гісторыя
2026-05-04
«3 мая 1791 года, калі была прынята першая ў Еўропе Канстытуцыя, яна таксама распаўсюджвала сваю юрысдыкцыю ў адносінах да беларускіх зямель, якія ўваходзілі ў склад I Рэчы Паспалітай. Сёння меў вялікі гонар прыняць удзел як прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады, ва ўрачыстасцях з нагоды святкавання Дня Канстытуцыі 3 мая па запрашэнні Прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага», — адзначыў Павел Латушка падчас урачыстых мерапрыемстваў з нагоды Дня Канстытуцыі 3 мая.
Сумесна з кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай Павел Латушка прыняў удзел ва ўрачыстасцях на Замкавай плошчы ў Варшаве, дзе адбылася дэфіляда польскіх вайскоўцаў. Пазней разам прадстаўнікі Кабінета разам прынялі ўдзел ва ўрачыстым прыёме ў Прэзідэнцкім палацы.
«Узрушаны ўрачыстасцю ўзнагароджання Анджэя Пачобута ордэнам Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы. Гэта чалавек, які ўмацоўвае адносіны паміж беларусамі і палякамі. Постаць і асоба, якая ўжо ўпісала сябе вялікімі літарамі ў гісторыю нашых народаў.
Дзякую польскім уладам і польскаму грамадству, што прынялі на сваёй зямлі ў гэты цяжкі момант гісторыі беларускага народа сотні тысяч беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць сваю Радзіму, а таксама за тое, што дапамагаеце нам у аднаўленні нашай сапраўднай незалежнасці і падтрымліваеце нашу барацьбу за свабоду для беларускага народа».
Жыве Беларусь!
Niech żyje Polska!



