АПКБ узнагародзіў медалямі 9 выбітных асоб
2026-05-01
Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі прыняў рашэнне пра новае ўзнагароджванне Крыжом добрасуседства, медалямі Францыска Скарыны і «За плённую працу на карысць Беларусі».
Лаўрэаты намінаваліся грамадскімі арганізацыямі і актывістамі і былі ўхваленыя Камісіяй па ўзнагародах пры АПКБ. Адпаведныя пастановы падпісаны 1 траўня кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Кабінет пастанавіў:
1. Узнагародзіць Крыжом Дабрасуседства:
✨ Б’ёрна Олафа Сёдэра — шведскага палітыка, дэпутата Рыксдага, члена Камітэта па абароне, Ваеннай дэлегацыі, дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі НАТА, намесніка члена Кансультатыўнага савета па замежных справах і Камітэта па замежных справах, а таксама кіраўніка шведскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ
2. Узнагародзіць медалём Францыска Скарыны:
✨ Томаса Міхаэля Бона — нямецкага навукоўца і даследчыка, аднаго з вядучых спецыялістаў па даследаванню і папулярызацыі беларускай гісторыі ў заходняй акадэміі.
3. Узнагародзіць медалём «За плённую працу на карысць Беларусі»:
✨ Сесілію Экман — шведскую юрыстку і грамадскую дзяячку, якая актыўна падтрымлівае беларускі дэмакратычны рух, дапамагае беларусам у Швецыі з юрыдычнымі пытаннямі.
✨ Ілву Эвертэ — латвійскую журналістку, грамадскую дзяячку, заснавальніцу і прадстаўніцу FreeBelarus у Рызе.
✨ Алана Флаўэрза — брытанскага навукоўца, грамадскага дзеяча , які шмат гадоў займаецца тэмамі Чарнобыля, правоў чалавека і падтрымкі беларускай культуры.
✨ Кірыла Кірылава — грамадзянскага актывіста і грамадскага дзеяча беларускай супольнасці ў Фінляндыі.
✨ Аляксандра Петухова — грамадзянскага актывіста і грамадскага дзеяча беларускай супольнасці ў Шатландыі (Вялікабрытаніі), каардынатара гуманітарных збораў для палітвязняў, уцекачоў і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
✨ Аляксандра Лозку — беларускага навукоўца, фалькларыста і грамадскага дзеяча, заснавальніка праекта Беларускай школы ў Варшаве.
✨ Марыю Рудзь — актывістку беларускай дыяспары, старшыню асацыяцыі RAZAM Berlin / Belarusische Gemeinschaft RAZAM e.V.
@CabinetBelarus



