Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Адказнасць і правы чалавека будуць прыярытэтамі падчас старшынства Ірландыі ў Еўрапейскім саюзе

2026-05-01

Сітуацыя з вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама працяг рэпрэсій з боку рэжыму былі абмеркаваны падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі з паслом Ірландыі ў Польшчы Патрыкам Джэрадам.

Падчас сустрэчы Павел Латушка асобна падкрэсліў важнасць вызвалення лідара польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута. Пры гэтым адзначыў, што рэжым па-ранейшаму не спыняе рэпрэсіі ў Беларусі. У якасці прыкладаў ён прывёў затрыманні і арышты беларускіх жанчын у Наваполацку, Слоніме, Брэсце і іншых гарадах краіны.

Намеснік кіраўніцы Кабінета выказаў падтрымку намаганням Злучаных Штатаў Амерыкі па вызваленні палітычных зняволеных, адначасова падкрэсліўшы неабходнасць спынення рэпрэсій у Беларусі і практыкі «канвеера» затрыманняў у абмен на вызваленне груп палітычных зняволеных.

Таксама Павел Латушка звярнуўся з просьбай да пасла Ірландыі, якая з 1 ліпеня гэтага года прымае на сябе старшынства ў Еўрапейскім саюзе, працягнуць ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай дасягнення не касметычных, а рэальных змен у Беларусі. Таксама была падкрэслена неабходнасць прымусу рэжыму да нацыянальнага дыялогу, што адпавядае высновам Еўрапейскага саюза ад 19 лютага 2024 года, у якіх змяшчаецца заклік да функцыянальных уладаў Беларусі распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі часткамі беларускага грамадства.

Акрамя таго, Павел Латушка праінфармаваў пасла Ірландыі пра ход падрыхтоўкі да выбараў у Каардынацыйную Раду Беларусі, якія пройдуць з 11 па 17 траўня, а таксама пра працу дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Пасол Ірландыі выказаў падтрымку і падкрэсліў важнасць функцыянавання Каардынацыйнай Рады як прадстаўнічага выбарнага органа беларусаў.

Падчас сустрэчы Патрыку Джэраду былі перададзены просьбы правесці кансультацыі адносна магчымага далучэння Ірландыі да расследавання «беларускай сітуацыі», распачатага 12 сакавіка пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама выкарыстання іншых міжнародных інструментаў правасуддзя, над якімі цяпер працуе каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Пасол Ірландыі у ходзе размовы падкрэсліў, што Ірландыя, як дзейны член СПЧ ААН, займае праактыўную пазіцыю ў Савеце па правах чалавека, надаючы асаблівую ўвагу беспрэцэдэнтным парушэнням правоў чалавека ў Беларусі.

Патрык Джэрад адзначыў, што для Ірландыі падчас старшынства ў Еўрапейскім саюзе ключавымі прыярытэтамі стануць абарона правоў чалавека і забеспячэнне адказнасці за здзейсненыя злачынствы.

У завяршэнне сустрэчы прадстаўніку Ірландыі быў перададзены сумесны даклад НАУ і BELPOL пра мілітарызацыю беларускіх дзяцей у Беларусі.

@CabinetBelarus

Main carousel image