Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з нагоды вызвалення Анджэя Пачобута

2026-05-01

Аб’яднаны Пераходны Кабінет вітае вызваленне выбітнага прадстаўніка польскай меншасці ў Беларусі і журналіста Анджэя Пачобута.

За яго вызваленне супольна выступалі польскія ўлады і грамадскія дзеячы, еўрапейскія структуры, беларускія дэмакратычныя сілы і актывісты; перамовы былі арганізаваныя пры вырашальнай ролі Злучаных Штатаў і намаганнях Польшчы. Мы выказваем шчырую ўдзячнасць усім, хто спрыяў вызваленню чалавека, які з’яўляецца прыкладам барацьбы за свабоду, дэмакратыю і незалежнасць Беларусі.

Вызваленне Анджэя Пачобута не змяняе сутнасці рэжыму, які яго зняволіў. Яно стала магчымым на фоне працяглага міжнароднага ціску, які ажыццяўляецца Еўрапейскім саюзам і ЗША ў дачыненні да незаконных уладаў у Беларусі за няспынныя маштабныя рэпрэсіі супраць беларускага грамадства.

Лічым найважнейшым прыярытэтам працягваць працу, накіраваную на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, колькасць якіх перавышае 900 чалавек.

Адначасова мы звяртаемся да нашых партнёраў у дэмакратычных краінах з заклікам не забывацца на тое, што ў Беларусі працягваюцца самыя маштабныя ў гісторыі Еўропы XXI стагоддзя палітычныя рэпрэсіі. Колькасць ахвяр рэпрэсій налічвае сотні тысяч чалавек.

Лукашэнка падазраецца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, у сувязі з чым пачата адпаведнае афіцыйнае расследаванне Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Адначасова Лукашэнка падазраецца ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей-сірот з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а таксама ў здзяйсненні акта агрэсіі супраць Украіны. Не спыняецца і гібрыдная агрэсія ў дачыненні да краін-суседзяў Беларусі, членаў Еўрапейскага саюза.

Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і не ажыццяўляць камунікацыю з дыктатарам без удзелу дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Мы падтрымліваем высновы Еўрапейскага Саюза ад 19 лютага 2024 года з заклікам да функцыянальных уладаў Беларусі распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі часткамі беларускага грамадства.

Будучыню Беларусі нельга вырашаць без беларусаў.

Варшава, 30.04.2026

@CabinetBelarus

Main carousel image