Аліса Рыжычэнка: «Бяспечная Беларусь — гэта Беларусь з прадуманай, дыверсіфікаванай і празрыстай энергетычнай палітыкай»
2026-04-26
26 красавіка — 40 гадоў Чарнобыльскай катастрофы. Сорак гадоў таму аварыя на Чарнобыльскай АЭС назаўжды змяніла лёс Беларусі. Наша краіна прыняла на сябе найбольшы ўдар — да 70% радыяактыўных ападкаў прыйшлося на беларускую зямлю. Мы памятаем ахвяраў. Мы шануем подзвіг ліквідатараў.
Менавіта таму для нас бяспека ў сферы энергетыкі — не абстракцыя, а пытанне нацыянальнага выжывання. Аб’яднаны пераходны кабінет выступае за бяспечную Беларусь — у тым ліку ў энергетычнай палітыцы.
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка падкрэслівае, што наяўнасць атамнай электрастанцыі ў Беларусі адпавядае сусветным тэндэнцыям тэхналагічнага развіцця, але нагадвае пра рызыкі менавіта з БелАЭС:
«Найбуйнейшыя тэхналагічныя кампаніі свету — Google, Amazon, Microsoft — інвестуюць у будаўніцтва ўласных атамных магутнасцей, бо разумеюць: будучыня эканомікі патрабуе надзейных крыніц энергіі.
Будучыня беларускай эканомікі — гэта эканоміка ведаў, заснаваная на адукацыі, навуцы і тэхналогіях. Чым больш тэхналогій, у тым ліку штучнага інтэлекту, будзе ўкаранёна ў вытворчыя і эканамічныя працэсы, тым хутчэй будзе расці спажыванне электраэнергіі — і, адпаведна, патрэба ў энергарэсурсах.
Атамная энергетыка можа дазволіць дыверсіфікаваць крыніцы энергіі і знізіць залежнасць ад прыроднага газу і нафты ў складаны час сусветнага энергетычнага крызісу.
Аднак мы не можам ігнараваць тое, што на сённяшні дзень застаецца велізарная колькасць пытанняў па будаўніцтве і бяспецы эксплуатацыі Беларускай АЭС. Гэтыя пытанні патрабуюць празрыстых і незалежных аўдытаў і праверак.
Пры гэтым інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі — сонечную, ветравую — павінны развівацца ў роўнай ступені з атамнай энергетыкай. Толькі збалансаваны энергетычны мікс дазволіць Беларусі ў будучыні зменшыць залежнасць ад адзінага пастаўшчыка выкапнёвых рэсурсаў і пабудаваць сапраўды суверэнную энергетычную палітыку».
«Бяспечная Беларусь — гэта Беларусь з прадуманай, дыверсіфікаванай і празрыстай энергетычнай палітыкай», — заключыла палітык.
@CabinetBelarus



