За незалежную бяз’ядзерную Беларусь
2026-04-26
Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 40 гадоў таму паказала, чым з'яўляецца атам у руках аўтарытарнага рэжыму. Чарнобыль стаў сімвалам безадказнасці і здрады, сімвалам пагрозы і небяспекі некантраляванага выкарыстання атама для людзей.
Сёння рэжым Лукашэнкі працягвае тую самую безадказную палітыку. Цягам 32 гадоў яго кіравання былі скасаваныя льготы, спыненыя праграмы дапамогі для пацярпелых, на забруджаных землях зноў вырошчваюць прадукты харчавання. Рэжым ставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў беларусаў, размяшчаючы расійскую ядзерную зброю на нашай тэрыторыі, і будуючы Астравецкую АЭС без належнага міжнароднага кантролю.
Праз фальшывы рэферэндум у 2022 годзе з Канстытуцыі было выключана палажэнне пра нейтральны і бяз’ядзерны статус Беларусі. А наступнае размяшчэнне ядзернай зброі на нашай тэрыторыі стварыла прамую пагрозу міру і незалежнасці Беларусі, што робіць Беларусь мішэнню і ставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў людзей.
Сёння мы заклікаем:
● Вярнуць Беларусі бяз’ядзерны статус;
● Спыніць правакацыі і шантаж з выкарыстаннем ядзернай зброі;
● Вывесці расійскую ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі;
● Забяспечыць празрыстасць эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі і безумоўнага выканання міжнародных стандартаў ядзернай бяспекі, уключаючы нормы Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі, з улікам абгрунтаваных міжнародных прэтэнзій, у тым ліку зафіксаваных парушэнняў працэдур у рамках Канвенцыі Эспа;
● Пачаць шырокі грамадскі дыялог адносна выкарыстання атамных тэхналогіяў у Беларусі.
Чарнобыль нагадвае: ядзерная бяспека немагчымая без празрыстасці, адказнасці і суверэнітэту. Беларусь не мусіць быць пляцоўкай для расійскіх ядзерных пагрозаў.
26.04.2026
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus



