Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Адам Керо: «Пазіцыя Еўрасаюза, як і Швецыі, у адносінах да санкцый застаецца нязменнай»

2026-04-24

Удзельнікі адукацыйнага візіту ў Стакгольм па праграме «Мужчыны за гендарную роўнасць, недыскрымінацыю і супраць гвалту» правялі сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Швецыі Патрыкам Свенсанам і Адамам Керо, якія адказваюць за працу па супрацоўніцтву з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.

Патрык Свенсан, прадстаўнік урада Швецыі па справах беларускіх дэмакратычных сіл, адзначыў, што шведскі ўрад уважліва сочыць за беларускай сітуацыяй і працягвае падтрымку палітычных зняволеных, медыяў, грамадскіх арганізацый і палітычный структураў. Зараз у фокусе асаблівай увагі — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які нядаўна быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Прадстаўнік урада па справах беларускіх дэмакратычных сіл у выгнанні паведаміў, што ў маі ў Стакгольме адбудзецца форум, арганізаваны сумесна з моладзевым саветам РАДА, Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы і Офісам Святланы Ціханоўскай.

Патрык Свенсан адзначыў:

«Гэты форум — працяг нашага супрацоўніцтва, калі мы робім фокус на скразной каштоўнасці і праблеме. У мінулым годзе гэта быў форум пра жаночае лідарства і палітычны ўдзел, у гэтым — інтарэсы і патрэбы, а таксама выклікі для беларускай моладзі, уключаючы аспект гендару і правоў ЛГБТК+.

У сваёй працы як дыпламата ў розных краінах я заўсёды шукаю мужчын, якія маюць матывацыю і зацікаўленасць, як я, адчыняць палітычныя дзверы для большага ўцягвання жанчын і адвакатавання гендарных пытанняў. Таму гэта выдатная ініцыятыва. Я асабіста вельмі падтрымліваю, што група беларускіх дэмакратычных палітыкаў атрымала магчымасць прыняць удзел у трэнінгу з арганізацыяй MÄN, якая мае вялікі досвед у тэме прафілактыкі гвалту і харасменту.

І, нягледзячы на тое, што Швецыя мае высокія паказчыкі ў прасоўванні роўнасці для ўсіх, і я думаю, што гэта ўжо нават у нашым ДНК, мы ўсё яшчэ маем праблемы гендарнай дыскрымінацыі, якія працягваем вырашаць. Гэта праца, якая ніколі не сканчаецца, і заданне для кожнага палітыка».

У абмеркаванні былі закранутыя пытанні магчымай візавай падтрымкі для беларусаў. Ад шведскіх партнёраў удзельнікі сустрэчы атрымалі адказ, што праца ў гэтым кірунку вядзецца.

Акрамя таго, было агучана пра неабходнасць павелічэння падтрымкі для культурных і адукацыйных праграм і праектаў, якія маюць менш фінансавых магчымасцяў у параўнанні з іншымі кірункамі.

У канцы размовы была закранутая тэма магчымага дыялогу Еўрасаюза і афіцыйнага Мінска і прагучала пытанне, ці не планіруе ЕС пайсці па прыкладзе ЗША, зняць санкцыі часткова або цалкам і пачаць перамовы з Лукашэнкам.

Адам Керо, супрацоўнік МЗС Швецыі па справах беларускіх дэмакратычных сіл адказаў:

«Пазіцыя Еўрасаюза, як і Швецыі, у адносінах да санкцый застаецца нязменнай. Мы заўсёды вітаем і вельмі рады вызваленню палітзняволеных, безумоўна. Аднак галоўная ўмова пачатку любога дыялогу — гэта гатоўнасць з абодвух бакоў выконваць умовы. Санкцыі ўводзіліся праз саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны і міграцыйны крызіс. І тое, і другое працягвае мець месца.

Акрамя таго, у нас ёсць гісторыя ўзаемаадносін з рэжымам Лукашэнкі, калі, адмяняючы санкцыі, мы разлічвалі, што рэпрэсіі будуць спыненыя. Так і адбывалася, але толькі на пэўны перыяд. А потым узнаўляліся зноў, як і зараз, калі яны маюць найбольш жорсткі характар.

Мы гатовы весці перамовы і пачаць дыялог, калі, напрыклад, вы, як дэмакратычныя палітыкі, а не толькі прадстаўнікі палітычнага рэжыму ў Беларусі, будзеце мець магчымасць сесці за агульны палітычны стол. Пры ўмове, што ўсе рэпрэсіі будуць спыненыя і вы зможаце вярнуцца дадому.

Таму мы працягваем працаваць з вамі і трымаць дэмакратычную Беларусь у фокусе шведскай і еўрапейскай палітыкі».

У Стакгольме праходзіць адукацыйны візіт для палітыкаў па праграме «Мужчыны за гендарную роўнасць, недыскрымінацыю і супраць гвалту», які арганізуецца Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і шведскай арганізацыяй MÄN пры супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Швецыі.

@CabinetBelarus

Main carousel image