Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Наша праца па пашырэнні ціску на рэжым Лукашэнкі дае вынікі

2026-04-23

Сёння ЕС прыняў 20-ы пакет санкцый супраць Расіі, які таксама тычыцца ролі рэжыму Лукашэнкі ў забеспячэнні агрэсіўнай вайны Крамля супраць Украіны. Ён уключае прадпрыемствы, звязаныя з беларускім ваенна-прамысловым комплексам і рэжымам Лукашэнкі. Упершыню мішэнню становіцца кітайская дзяржаўная арганізацыя праз яе ролю ў вытворчасці беларускіх ваенных тавараў. Цяпер санкцыі могуць закранаць асоб з трэціх краін (не з Беларусі і не з ЕС), калі яны дапамагаюць пастаўляць забароненыя тавары ў Беларусь.

У прыватнасці, пад санкцыі патрапіла ТАА «Волат-Санцзян», яго кітайскі заснавальнік, а таксама ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія». «Волат-Санцзян» — беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства, створанае пры ўдзеле Мінскага завода колавых цягачоў. Яно вырабляе колавыя шасі для ваеннай тэхнікі, уключаючы рэактыўныя сістэмы залпавага агню. ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» з’яўляецца вядучым беларускім экспарцёрам нафты і належыць некалькім найбуйнейшым нафтаздабыўным і нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам Рэспублікі Беларусь, уключаючы «Беларуснафту» і «Нафтан».

Акрамя таго, пакет уключае меры, аналагічныя накладзеным на Расію, у прыватнасці, новыя гандлёвыя абмежаванні, абмежаванні па крыптавалюце і на прадастаўленне паслуг кібербяспекі ды турыстычных паслуг. Гарманізацыя працягваецца.

Таксама былі ўзмоцненыя патрабаванні да адсочвання алмазаў, што абавязвае імпарцёраў апрацаваных алмазаў прадаставіць заяву аб належнай абачлівасці, якая пацвярджае, што алмазы не здабываліся, не апрацоўваліся і не вырабляліся ў Расіі. Беларусь, як вядома, была перавалачным пунктам для расійскіх алмазаў.

Яшчэ
20 лістапада 2023 года НАУ паведамляла пра пагрозу абыходу санкцый, што ўводзяцца супраць алмазнай прамысловасці Расіі праз Беларусь, і перадавала гэтыя даныя ў Еўракамісію. Таксама матэрыял па гэтым пытанні выйшаў 23 лістапада 2023 года ў буйным еўрапейскім выданні European Interest Media.

Таксама забаронены любыя аперацыі з «беларускім лічбавым рублём», запуск якога Нацбанк Беларусі планаваў на другую палову 2026 года. ЕС фактычна блакуе гэтую сістэму яшчэ да яе паўнавартаснага запуску, пазбаўляючы рэжым магчымасці выкарыстоўваць яе для абыходу санкцый. А мы папярэджвалі рэжым 😉

Упершыню ў гісторыі ЕС актывуе свой інструмент барацьбы з абыходам, забараняючы экспарт любых камп’ютараў з лікавым праграмным кіраваннем і радыёстанцый у Кыргызстан, дзе існуе высокая рызыка таго, што гэтыя прадукты будуць рээкспартаваныя ў Расію. Усе гэтыя меры будуць дапоўнены ўзмоцненай забаронай на транзіт праз тэрыторыю Расіі. Таксама пашыраны пералік тавараў, забароненых да транзіту праз Беларусь. Нарэшце, ЕС уводзіць квоту на імпарт аміяку.

Прапановы НАУ і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па санкцыях супраць трэціх краін, гандлёвых квотах і абмежаваннях на транзіт пастаянна прапаноўвалі прыняць яшчэ ў 2023–2025 гадах. ЕС яшчэ нядаўна адмаўляўся прымаць такія радыкальныя меры, але цяпер для Еўрасаюза гэта ўжо рэальнасць.

«Нашы намаганні далі вынік. 20-ы пакет санкцый ЕС — гэта ў тым ліку рэалізацыя сістэмных прапаноў НАУ і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Упершыню пад удар патрапілі не толькі прадпрыемствы рэжыму, але і міжнародныя схемы ўхілення. Мы працягваем закрываць „беларускі афшор“ для расійскіх алмазаў і тэхналогій. Гэта якасны пераход ад кропкавага ціску да стратэгіі „поўнага акружэння“», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі прадоўжаны Саветам ЕС да 28 лютага 2027 года.

@CabinetBelarus

Main carousel image