Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

У ПАРЕ паднятая тэма візавай падтрымкі беларусаў

2026-04-23

Валерый Мацкевіч, кіраўнік апарата Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы падняў на пасяджэнні ПАРЕ пытанне мабільнасці, а менавіта візавай падтрымкі беларусаў.

Палітык нагадаў, што «паводле дадзеных Eurostat, з 2020 года грамадзянам Беларусі было выдадзена больш за 950 000 першых відаў на жыхарства ў краінах Еўрапейскага саюза», і гэта без «людзей з гуманітарнымі візамі, а таксама бежанцаў, чые справы яшчэ знаходзяцца на разглядзе».

«Важна выразна сказаць: гэта не звычайная міграцыя. Гэта не людзі, якія шукаюць лепшага жыцця. Гэта найбуйнейшае вымушанае перамяшчэнне беларусаў у сучаснай гісторыі. Гэта людзі, якія пратэставалі супраць рэжыму, страцілі працу, былі зняволеныя або падвергліся пераследу.

І самае галоўнае: яны не проста з’ехалі з Беларусі, яны фактычна былі выціснутыя са сваёй краіны. Але яны не разарвалі сувязь з Беларуссю», — адзначыў Валерый Мацкевіч.


З гэтай нагоды ён нагадаў пра тое, што ў людзей у вымушанай міграцыі ў Беларусі застаюцца бацькі, дзеці, браты, сёстры — сем’і.

«Менавіта таму сёння пытанне віз — гэта не пытанне камфорту. Гэта пытанне магчымасці бачыць сваіх блізкіх, захоўваць сувязь з грамадствам, і падтрымліваць альтэрнатыўныя погляды», — перакананы прадстаўнік АПК.

Паводле Валерыя Мацкевіча, многія беларусы сутыкаюцца з візавымі абмежаваннямі, што «зніжае іх мабільнасць».

«І гэта стварае небяспечны парадокс: людзі, якія падтрымліваюць дэмакратыю, Еўропу, выступаюць супраць расійскай агрэсіі, маюць менш доступу да Еўропы», — падкрэсліў палітык.

Ён лічыць гэта не толькі гуманітарным пытаннем, але і пытаннем бяспекі Еўропы, бо «барацьба ідзе не толькі за тэрыторыю, яна ідзе перадусім за грамадскую думку», а «ізаляцыя дапамагае аўтарытарным рэжымам» і «працуе супраць Еўропы».

У сувязі з гэтым Валерый Мацкевіч прапанаваў:

▪️паскоранае і прыярытэтнае разглядванне візавых заяў для сваякоў беларусаў, якія ўжо атрымалі абарону або від на жыхарства ў ЕС;
▪️увядзенне механізму афіцыйнага запрашэння, каб беларусы ў ЕС маглі запрашаць сваіх родных;
▪️спрошчаны доступ да віз для беларусаў у трэціх краінах, у тым ліку ў Грузіі і Арменіі, нават без мясцовага віду на жыхарства;
▪️пашырэнне гуманітарных і сямейных віз з акцэнтам на ўз’яднанне сем’яў і падтрымку ўразлівых груп.

«Сёння перад намі стаіць выбар: ці застанецца беларускае грамадства часткай Еўропы, ці будзе выцеснена ў арбіту Расіі? Адказ відавочны: гнуткая і эфектыўная візавая палітыка», — завершыў прамову Валерый Мацкевіч.

@CabinetBelarus

Main carousel image