Павел Латушка заклікаў парламентарыяў краін-членаў Рады Еўропы далучыцца да расследавання «беларускай сітуацыі» ў Міжнародным крымінальным судзе
2026-04-22
«Я заклікаю сваіх калег-парламентарыяў зрабіць усё магчымае, каб вашы краіны падтрымалі расследаванне „беларускай сітуацыі“ ў Міжнародным крымінальным судзе, перш за ўсё шляхам імплементацыі працэдуры ў адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ Павел Латушка падчас пасяджэння Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАРЕ.«Я хачу адзначыць, што Міжнародны крымінальны суд як міжнародная гарантыя супраць беспакаранасці з’яўляецца ключавым слупом абароны міжнароднага парадку, заснаванага на правілах.
Гэта механізм апошняй інстанцыі для ахвяр міжнародных злачынстваў, што асабліва актуальна ў кантэксце сітуацыі ў Беларусі. 12 сакавіка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда прыняў рашэнне пачаць расследаванне сітуацыі ў Літве/Беларусі. Гэта расследаванне з’яўляецца важнейшай крыніцай надзеі на аднаўленне справядлівасці для ахвяр і забеспячэнне адказнасці асоб, вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў Павел Латушка.
Таксама Павел Латушка адзначыў, што членства ў Рымскім статуце з’яўляецца выразным паказчыкам прыхільнасці дзяржавы міжнароднаму парадку, заснаванаму на правілах, і павітаў сігналы з боку Венгрыі адносна магчымай адмены яе выхаду з Рымскага статута.
@CabinetBelarus



