Да правасуддзя ў дачыненні да Лукашэнкі і яго хаўруснікаў, якія ўчынілі злачынства агрэсіі, зроблены чарговы крок
2026-04-15
«Польшча і Ісландыя пацвердзілі сваю гатоўнасць далучыцца да пагаднення, неабходнага для запуску Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Да правасуддзя ў дачыненні да Лукашэнкі і яго хаўруснікаў, якія ўчынілі злачынства агрэсіі, зроблены чарговы крок», — падкрэсліў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка.
Як вядома раней, дзякуючы таму, што Каардынацыйная Рада мае сваю дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Павел Латушка, як чалец дэлегацыі КР у ПАРЕ, ініцыяваў папраўку ў рэзалюцыю ПАРЕ, якая прадугледжвае пашырэнне юрысдыкцыі Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны на так званае кіраўніцтва Беларусі.
Таксама 2 красавіка намеснік кіраўніцы АПК сустрэўся з Генеральным дырэктарам па правах чалавека і вяршэнстве права Рады Еўропы Джанлукам Эспазіта. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні дзейнасці Спецыяльнага трыбунала, а таксама была дасягнута дамоўленасць аб перадачы доказаў здзяйснення рэжымам Лукашэнкі акту агрэсіі супраць Украіны, якія збіраюцца НАУ ў інтарэсах правасуддзя.«Нашай далейшай задачай, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады, з'яўляецца лабіяванне важнасці далучэння як мага большай колькасці краін да спецтрыбунала, які ствараецца. Спадзяемся, што Пашыранае частковае пагадненне (EPA) аб Камітэце па кіраванні Спецыяльным трыбуналам будзе прадстаўлена і прынята падчас сустрэчы Камітэта міністраў Рады Еўропы ў Кішынёве 14–15 мая.
Варта адзнацыць, што прыняты Статут Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны ўтрымлівае палажэнні, якія надаюць трыбуналу юрысдыкцыю ў дачыненні да злачынства агрэсіі супраць Украіны, здзейсненага Лукашэнкам. Трыбунал не прызнае функцыянальнага імунітэту дыктатара, а таксама не прызнае ніякіх магчымых амністый у дачыненні да яго за гэтае злачынства», — адзначыў Павел Латушка.
@CabinetBelarus



