Павел Латушка заснаваў прэмію для лепшага настаўніка беларускай мовы і літаратуры ліцэя ў Гайнаўцы
2026-04-08
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка заснаваў з уласных сродкаў штогадоваю грашовую прэмію для лепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Гэтая ініцыятыва заклікана адзначыць высокі прафесіяналізм і адданасць педагогаў, якія на Падляшшы захоўваюць і папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю.
Рашэнне аб кандыдаце на атрыманне ўзнагароды ў гэтым годзе прынята і будзе прымацца ў будучым кіраўніцтвам Гайнаўскага ліцэя. Плануецца, што ўзнагарода будзе ўручана Паўлам Латушкам пераможцу падчас урачыстай цырымоніі заканчэння навучальнага года 26 чэрвеня.
«Настаўнікі адыгрываюць выключную ролю ў лёсе нацыі, бо менавіта яны з малых гадоў прывіваюць дзецям любоў да беларушчыны. Варта ўспомніць, што песняры беларускага слова — Купала і Колас — працавалі настаўнікамі. Асобную важнасць мае падтрымка беларускай меншасці на Падляшшы. Гэты рэгіён з’яўляецца ўнікальным асяродкам, дзе ў рамках польскага грамадства стагоддзямі жыве і развіваецца беларуская традыцыя і мова.
Для мяне, як беларускага палітыка, абранага дэлегата Каардынацыйнай Рады, вельмі важна падтрымліваць развіццё беларускай культуры і адукацыі, у тым ліку за мяжой.
Як малады беларускі дыпламат я ўпершыню наведаў Гайнаўскі ліцэй 30 гадоў таму, у 1996 годзе. Пазней як міністр культуры і пасол імкнуўся дапамагаць важнай місіі ліцэя — падтрымцы беларускасці. На жаль, сёння дзяржава ў асобе рэжыму Лукашэнкі адмаўляе ў беларускасці і адмаўляецца падтрымліваць беларускую культуру як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Таму гэтая задача таксама кладзецца на нашы плечы. І таму я лічу важным як беларускі палітык працягваць гэтую місію», — адзначыў Павел Латушка.
Па ініцыятыве Паўла Латушкі таксама заснавана грашовая ўзнагарода для пераможцаў Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня». Упершыню ўзнагарода была ўручана Паўлам Латушкам 13 лютага 2026 года падчас гала-канцэрту XXXIII Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня — 2026» у Беластоку, а атрымала яе таленавітая дзяўчына з Бельска-Падляшскага Вікторыя Гаць.
Архіўнае відэа: выпускнікі ліцэя ў Гайнаўцы выконваюць «Лявоніху» падчас стаднёўкі 2026
@CabinetBelarus



