Закон, які замацоўвае адказнасць «за прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі», не не пра «абарону дзяцей», а пра легалізацыю нянавісці
2026-04-03
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч і дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў пракаментавалі законапраект, які ўводзіць у Беларусі адміністрацыйную адказнасць «за прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі» і быў зацверджаны «верхняй палатай парламента».
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Юлія Міцкевіч падкрэсліла:«Няма сумненняў, што закон падпіша Лукашэнка, як апошняя інстанцыя. Дзеля гэтага ўсё і затявалася, бо гэта паслядоўнае працягненне дзяржаўнай палітыкі па дыскрымінацыі беларусаў і беларусак на падставе іх сэксуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і рэпрадуктыўнага выбару, аднак у дадзеным выпадку значна шырэй.
Новы закон будзе закранаць у першую чаргу прадстаўнік_ніц ЛГБТК+ супольнасці, але разам з тым і актывіст_ак, журналіст_ак, блогер_ак, у тым ліку якія жывуць у выгнанні або эміграцыі, і патэнцыяльна любога чалавека, паколькі стане пакаральным распаўсюджванне інфармацыі ў розных формах і відах — пост, рэпост, лайк, мем, песня, фота, асабістая перапіска і г.д. — усё, што можна будзе маркіраваць як «фарміраванне прывабнасці» пералічаных у законе тэм і выкарыстоўваць як інструмент для рэпрэсіўнага ціску і пераследу».
Палітык нагадала, што беларуская праваабарончая супольнасць у сваёй заяве ў 2025 годзе называла падрыхтаваную тады заканадаўчую ініцыятыву «адкрытым нападам на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў, права на недыскрымінацыю і права на асабістае жыццё, якія не толькі супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы ў галіне правоў чалавека». І асобна адзначалася, што «ўключэнне педафіліі ў адзін шэраг з гомасэксуальнасцю, трансгендэрнасцю і бяздзетнасцю — гэта відавочная спроба дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай, дадаў:«Гэты закон — не пра «абарону дзяцей», а пра легалізацыю нянавісці і пашырэнне рэпрэсій. Рэжым свядома ставіць у адзін шэраг педафілію, гомасэксуальнасць, трансгендэрнасць і бяздзетнасць, каб дэманізаваць людзей, апраўдаць цэнзуру і даць сілавікам яшчэ адзін інструмент для пераследу любога, хто не ўпісваецца ў навязаны дзяржавай шаблон «нармальнасці».
На справе гэта закон не пра каштоўнасці, а пра страх: страх рэжыму перад свабодай, прыватным жыццём, адрознасцю і самім фактам чалавечай годнасці. Так выглядае не абарона грамадства, а дзяржаўная дыскрымінацыя, узведзеная ў норму».
У Беларусі будзе ўведзена адміністрацыйная адказнасць «за прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі». Згодна з зацверджаным «верхняй палатай парламента» законапраектам у КаАП новым артыкулам 19.16 цяпер прадугледжваюцца штрафы для фізічных і юрыдычных асоб, а таксама для індывідуальных прадпрымальнікаў або арганізацый — ад 20 да 150 базавых велічынь, калі інфармацыя стала даступнай непаўналетнім — да 200 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.
@CabinetBelarus



