Ірына МакЛейн: «Важна выразна сказаць: аўтызм — гэта не захворванне»
2026-04-02
У Міжнародны дзень распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Ірына МакЛейн нагадвае, «аўтызм — гэта не захворванне, нейраадрозненне, частка разнастайнасці чалавечага досведу», таму ідзе размова «пра аўтыстычны спектр»:«Сёння, 2 красавіка — Міжнародны дзень распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм.
Для Беларусі гэта тэма дагэтуль застаецца складанай. Мы рэгулярна чуем ад бацькоў пра познюю або няпоўную дыягностыку, недахоп падтрымкі і разумення, абмежаваны доступ да спецыялістаў і інклюзіўнай адукацыі.
Але для сем’яў у вымушанай эміграцыі ўзнікае яшчэ адзін пласт цяжкасцяў — мова. Дзіця трапляе ў новае асяроддзе, губляе звыклую структуру, а камунікацыя, навучанне і нават абследаванні адбываюцца на чужой мове. Гэта можа значна ўскладняць адаптацыю.
Важна таксама выразна сказаць: аўтызм — гэта не захворванне. Гэта нейраадрозненне, частка разнастайнасці чалавечага досведу. Таму мы гаворым пра аўтыстычны спектр — людзі ў ім вельмі розныя, з рознымі патрэбамі і здольнасцямі.
Доўгі час аўтызм разглядалі пераважна як “хлопчыкавы” дыягназ. Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі, асабліва з 2000-х гадоў, даследаванні пачалі сістэмна ўлічваць, як аўтызм праяўляецца ў дзяўчынак — і гэта істотна змяніла разуменне спектру.
У рамках Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы мы працуем з беларускімі сем’ямі ў міграцыі і ўжо завяршылі распрацоўку дарожнай карты па ключавых праблемах дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Яна заснаваная на рэальным досведзе сем’яў і павінна стаць асновай для больш сістэмнай падтрымкі і рашэнняў».
@CabinetBelarus



