Доказы здзяйснення акту агрэсіі рэжымам Лукашэнкі будуць перададзены для далейшага разгляду Спецыяльным трыбуналам па злачынстве агрэсіі супраць Украіны
2026-04-02
Пытанні адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў па трох кірунках — за незаконны вываз украінскіх дзяцей і іх індактрынацыю ў інтарэсах «рускага свету», за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа і за акт агрэсіі супраць Украіны— былі абмеркаваныя падчас сустрэч намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі з Генеральным дырэктарам па правах чалавека і вяршэнстве права Рады Еўропы Джанукам Эспазіта, а таксама з Пастаяннай прадстаўніцай Славеніі пры Радзе Еўропы Бертай Мрак і Пастаяннай прадстаўніцай Латвіі пры Радзе Еўропы Агнесэ Вілдэ.
Падчас размовы з Джанукам Эспазіта галоўнай тэмай стала перадача матэрыялаў, сабраных Народным антыкрызісным упраўленнем для Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і вяршэнстве права Рады Еўропы. Гэтыя дакументы тычацца незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, іх вывазу на тэрыторыю Беларусі і наступнай індактрынацыі ў інтарэсах «рускага свету». Бакі дамовіліся, што адпаведныя матэрыялы будуць таксама накіраваныя ў штаб-кватэру Рады Еўропы.
Асобна было закранута пытанне стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Павел Латушка праінфармаваў пра збор доказаў учынення акту агрэсіі вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі, які ажыццяўляе НАУ. Падчас дыкусіі былі прагавораны алгарытмы перадачы гэтых дадзеных у інтарэсах правасуддзя.
Са свайго боку, як падкрэсліў Генеральны дырэктар па правах чалавека і вяршэнстве права Рады Еўропы Джанука Эспазіта, Рада Еўропы працягне стратэгічную падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі ў межах узгодненага Плана дзеянняў (Action plan). Была адзначана важная роля дэлегацый Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі і ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы. Дзякуючы ўдзелу дэлегацый КР у міжпарламенцкіх міжнародных арганізацыях, сярод іншага, было рэалізавана:
— унесена папраўка да рэзалюцыі ПАРЕ, якая прадугледжвае пашырэнне юрысдыкцыі Спецыяльнага трыбунала на вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі. У далейшым гэтая папраўка была ўключана ў дакументы па стварэнні трыбунала.
— пры актыўным спрыянні дэлегацыі КР была аднагалосна прынятая рэзалюцыя «Тэрміновая неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі». У ёй не прызнаецца легітымнасць Лукашэнкі, а фарс, створаны ім у студзені 2025 года, не прызнаецца выбарамі.
— па ініцыятыве дэлегата КР Паўла Латушкі у выніковую рэзалюцыю ПАРЕ было ўключана дапаўненне, якое датычыцца адказнасці Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь і праз тэрыторыю Беларусі ў Расію.
Пастаянныя прадстаўнікі Латвіі і Славеніі пры Радзе Еўропы выказалі падтрымку беларусам і гатоўнасць спрыяць далейшаму супрацоўніцтву Каардынацыйнай Рады і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з Радай Еўропы.
Падчас сустрэч Павел Латушка падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі не змяняе сваю ўнутраную рэпрэсіўную палітыку — беспрэцэдэнтную для Еўропы ў XXI стагоддзі — і працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны.
Павел Латушка заклікаў Латвію і Славенію падтрымаць расследаванне пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да злачынстваў супраць беларускага народа, учыненых рэжымам Лукашэнкі.
@CabinetBelarus





