Кіраўніца АПК уручыла медалі выбітным беларусам з нагоды Дня Волі
2026-03-28
У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння медалёў АПК выбітным дзеячам беларускай грамадзянскай супольнасці і культуры.«Штогод на 25 сакавіка мы ўзнагароджваем выбітных беларусаў, якія сваімі справамі і мужнасцю ўмацоўваюць нашую краіну. Часам ціха, незаўважна, часам з рызыкай для сябе», — сказала кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны навуковец і грамадска-палітычны дзеяч, канцлер Беларускага вольнага ўніверсітэту Аляксандр Мілінкевіч — адзіны дэмакратычны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Узнагароду прымала яго жонка Іна Кулей — сам Мілінкевіч перанёс цяжкую аперацыю.
Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» атрымаў стваральнік тэлеграм-канала Nexta Сцяпан Пуціла.
Сярод іншых узнагароджаных — пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец), актрыса Крысціна Дробыш і актор Ігар Сігоў (медаль прыняла яго жонка Валерыя). Асобна Святлана Ціханоўская адзначыла пасмяротную ўзнагароду журналіста і блогера Мікіты Мелказёрава:«Ягоны нечаканы і несправядлівы сыход усіх нас шакаваў. Але выклікае захапленне, колькі ён паспеў як журналіст і папулярызатар беларушчыны».
Цырымонію завяршылі словы пісьменніцы Святланы Курс:«Беларусь у хуткім часе зробіцца вольнай і шчаслівай».
@CabinetBelarus












