Вадзім Кабанчук: «Беларусь трэба спрабаваць вярнуць у агульнаеўрапейскую архітэктуру бяспекі»
2026-03-26
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук на рэгіянальным форуме па бяспецы «Шлях да волі» у Кіеве распавёў пра рызыкі ўцягвання Беларусі ў вайну:«Мне незразумела, чаму няма інтэнсіфікацыі гэтага працэсу, бо з эканамічнага і ваеннага пункту гледжання ўсім было б танней і прасцей паспрабаваць вярнуць Беларусь у агульнаеўрапейскую архітэктуру бяспекі, чым пакідаць кожную краіну сам-насам з уласным выклікам уздоўж усёй мяжы Беларусі, якая складае 2300 км з краінамі Захаду і Украінай», — адзначыў прадстаўнік АПК.
Ён лічыць, што сыходзячы з прагнозаў і выступленняў на форуме, то «большасць прыходзіць да высновы, што мы рухаемся да яшчэ большага крызісу, у якім будзе браць удзел і Беларусь», а гэта можа быць «уцягванне Беларусі ў новы віток эскалацыі, найперш у вайну».«На мой погляд, самы кепскі варыянт — гэта калі Беларусь, зразумела паводле планаў Крамля, будзе ўцягнутая ў такі канфлікт, які спачатку мы бачылі на Данбасе, а потым ён перарос у поўнамаштабную вайну. Гэта самы дрэнны варыянт. Мы павінны ўжо цяпер быць гатовыя зрабіць усё магчымае, каб Беларусь, яе грамадзянскія і сілавыя структуры, не былі ўцягнутыя ў такі сцэнар. А калі гэта ўсё ж адбудзецца, як мага хутчэй выводзіць Беларусь са стану фактычнай вайны. Бо першыя два-тры тыдні будуць вызначальнымі», — прапанаваў Вадзім Кабанчук.
Паводле ягоных падлікаў, «беларуская армія гэта 65 тысяч чалавек, і ў яе ёсць патэнцыял прыкладна за месяц павялічыць колькасць узброеных сіл у два разы — да 130 тысяч, плюс групоўка ўнутраных войск» (да 300 тысяч чалавек) і расійскі кантынгент на тэрыторыі Беларусі.«Ужо цяпер трэба ўключаць міжнародную каардынацыю, асабліва паміж краінамі Усходняй Еўропы, якія разумеюць усю небяспеку сцэнару ўцягвання Беларусі ў вайну. І беларускім дэмакратычным сілам варта займаць больш праактыўную пазіцыю», — падкрэсліў Вадзім Кабанчук.
Ён лічыць, калі чакаць «біялагічнай канчыны Лукашэнкі, то там проста з’явіцца Лукашэнка нумар два», «на другі дзень там будзе гаспадарыць Крэмль».«Справа нацыянальнага вызвалення — гэта найперш справа саміх беларусаў. Найбліжэйшы наш саюзнік — Украіна», — перакананы прадстаўнік АПК.
@CabinetBelarus




