Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Без бяспечнай Беларусі немагчыма мець бяспечную Украіну

2026-03-25

«108 гадоў таму Беларуская Народная Рэспубліка абвясціла незалежнасць. Сімвалічна, што сёння менавіта ў гэты дзень мы сустракаемся ў Кіеве. У Кіеве, які стаў сэрцам супраціву і сімвалам гераізму для ўсіх нас, беларусаў, якія мараць і працягваюць працаваць дзеля таго, каб наша краіна была незалежнай», — заявіў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на Рэгіянальным форуме па бяспецы «Шлях да волі» падчас дыскусійнай панэлі «Украіна–Беларусь: новая мадэль адносін у перыяд вайны».

У дыскусійнай панэлі таксама прынялі ўдзел народны дэпутат Украіны, сустаршыня міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь» Ігар Гузь, кіраўнік Упраўлення недружалюбных краін МЗС Украіны Ілля Квас, прадстаўніца АПК па пытаннях эканомікі і фінансаў Аліса Рыжычэнка, прадстаўнік ISANS Антон Сайфулаеў, дырэктар Праграмы расійскіх і беларускіх студый аналітычнага цэнтра «Украінская прызма» Яраслаў Чарнагор.

«Ад імя Кабінета выказваю падтрымку якаснай змене стратэгіі Украіны ў дачыненні да Беларусі, да дэмакратычных сіл нашай краіны.

Для нас вельмі важным з'яўляецца тое, што Украіна апошнімі тыднямі канчаткова прызнала, што Лукашэнка з'яўляецца саўдзельнікам злачынства агрэсіі. І трэба пра гэта дакладна заяўляць і рабіць дзеянні дзеля таго, каб прыцягнуць яго да адказнасці.

Што тычыцца міжнароднага правасуддзя, мы маем з гэтым пытаннем выклік. Нас спрабуюць пераканаць, што міжнароднае права ўжо не працуе, што міжнародныя інстытуты правасуддзя неэфектыўныя. Гэта не адпавядае ні інтарэсам беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю, ні нацыянальным інтарэсам Украіны. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму, бо тыя, хто прасоўвае гэтыя тэзісы, маюць адну мэту — пазбегнуць адказнасці. А наша мэта — каб права працавала і адказнасць наступіла», — падкрэсліў Павел Латушка.


Падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што сёння каманда НАУ, а таксама дэлегацыя Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ адыгрываюць вельмі актыўную і прадуктыўную ролю ў тым, каб стварыць феномен «тройчы міжнароднага злачынцы», дзе Лукашэнка павінен быць прызнаны злачынцам па трох незалежных кірунках:

1. Злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. 2 сакавіка 2026 года Офіс пракурора МУС афіцыйна адкрыў расследаванне «сітуацыі ў Беларусі». Гэта вынік трохгадовай працы НАУ, якое сабрала масіў доказаў, падрыхтавала прававыя абгрунтаванні і ініцыявала працэс перадачы матэрыялаў праз урад Літвы па артыкуле 14 Рымскага статута.

2. Ваенныя злачынствы ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей. НАУ накіравала ў Офіс пракурора МУС дзве камунікацыі па артыкуле 15 Рымскага статута з доказамі незаконнага вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь для іх наступнай ідэалагічнай апрацоўкі. Мы маем дакументальныя пацверджанні фінансавання гэтых злачынстваў Лукашэнкам праз бюджэт так званай «Саюзнай дзяржавы», у тым ліку з асабістымі подпісамі дыктатара.

3. Злачынства агрэсіі. Дэлегацыя Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ, у тым ліку член дэлегацыі Павел Латушка, ініцыявалі папраўку ў адпаведны дакумент перад стварэннем Спецтрыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны, дзе прапісана дакладна, што вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі нясе адказнасць за акт агрэсіі.

«Для нас вельмі важным з'яўляецца павышэнне ўзроўню палітычнага супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі і Украіны. Важна падтрымліваць інстытуалізацыю дэмакратычных сіл. Калі мы страцім нашы інстытуты, гэта створыць хаос, аднаасобныя галасы і праца перастане быць сістэмнай працай.

Нам нельга дапусціць, каб Лукашэнка стаў медыятарам у сітуацыі спынення агрэсіі Расіі супраць Украіны. Лукашэнка гэтага дамагаецца, ён не пазбавіўся гэтых планаў. Вельмі важныя заявы прэзідэнта Украіны, што ён выключае такую магчымасць. Лукашэнка — агрэсар, а не медыятар. Але ўдзел у будучых дамоўленасцях беларускага дэмакратычнага руху вельмі патрэбны.

Без бяспечнай Беларусі немагчыма мець бяспечную Украіну, бо з тэрыторыі Беларусі ў такім выпадку заўсёды будзе пагроза як для Украіны, так і для ЕС», — адзначыў Павел Латушка.


@CabinetBelarus

Main carousel image