Салавей: «Назавіце хаця б адну прычыну для ўрача застацца ў Беларусі даўжэй за абавязковую адпрацоўку»
2026-03-25
Беларускія медыцынскія вну перасталі прымаць беларусаў на платнае навучанне. Пра тое, да чаго можа прывесці такое рашэнне, расказаў «Філіну» прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў справе аховы здароўя і медыцыны Станіслаў Салавей:
Да 70–80% мэтавікоў у медыцынскіх ВНУ
«Усё калісьці пачыналася з 12–13% мэтавікоў. Калі я паступаў у 2007 годзе, іх было столькі. Цяпер іх колькасць даходзіць да 70–80%».
«Па факце, сёння колькасць тых, у каго няма мэтавага накіравання (пры, адпаведна, адпрацоўцы ў два гады), зусім невялікая. Цяпер увогуле атрымліваецца: калі ты не мэтавік і не пераможца алімпіяды, у медыцынскую вну наўрад ці трапіш».
Кадравы дэфіцыт
«Такая колькасць замежнікаў, у тым ліку, адлюстроўвае той самы кадравы дэфіцыт, які ўзмацняецца. І жаданне размяркоўваць на пяць гадоў як мага больш урачоў, павялічваючы колькасць мэтавікоў, з надзеяй заткнуць кадравую дзірку мае тую ж прычыну».
«Відавочна, што ўсе меры, якія прымаліся да гэтага, не спрацавалі, кадравы крызіс застаўся».
Ад’езд урачоў за мяжу
«Эканамічныя прычыны для пераезду ў суседнюю краіну, якая зацікаўленая ў кваліфікаваных кадрах, занадта прывабныя. То бок фінансава яны перабіць гэтага не ў стане, плюс рэпрэсіі, усё гэта іншадумства. Назавіце хаця б адну прычыну для ўрача заставацца ў Беларусі даўжэй за абавязковую адпрацоўку.
Што яны прапануюць — 5 гадоў і службовую кватэру? Але ў Польшчы за наступныя пяць гадоў ён возьме іпатэку, таму што яму гэта дазволіць яго зарплата».
@CabinetBelarus



