Дзень Волі 2026 у Варшаве
2026-03-23
28 сакавіка ў Варшаве адбудзецца маштабнае святкаванне 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Цэнтрам урачыстасцей стане плошча Трох Крыжоў, адкуль шэсце з 330-метровым нацыянальным сцягам накіруецца да Замкавай плошчы.
Святкаванне пачнецца а 16:00 на плошчы Трох Крыжоў выступамі палітычных і грамадскіх дзеячаў. Падчас шэсця ўдзельнікаў будуць суправаджаць беларускія дудары і Клуб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863. Фінальная частка праграмы пройдзе на Замкавай плошчы — з прамовамі Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і іншых лідараў.
Культурная праграма ўключае выступы гурта SHUMA, Вольнага Хору, а таксама спявачкі і даследчыцы фальклору Кацярыны Ваданосавай.«Дзень Волі — гэта не проста дата ў календары. Гэта штогадовае сведчанне таго, што беларуская нацыя жыве, памятае і не адмаўляецца ад сваёй годнасці. У 1918 годзе нашы продкі знайшлі мужнасць абвясціць незалежнасць у немагчымых умовах, сёння мы абавязаны захоўваць гэты агонь. Варшава ў 2026 годзе становіцца не толькі месцам святкавання, але і сімвалам таго, як беларуская дзяржаўнасць жыве па-за межамі — у сэрцах людзей і ў нашым адзінстве», — адзначыў Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
Падчас святкавання будзе працаваць арт-кірмаш. Майстры і мастакі, якія хочуць прадставіць свае працы, могуць падаць заяўку праз спецыяльную форму, арганізатары звяжуцца асабіста.
Арганізатарамі імпрэзы выступаюць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны Пераходны Кабінет, Беларуская Асацыяцыя Палітвязняў «Да Волі», суполка «Беларусы Варшавы», Цэнтр Беларускай Культуры ў Беластоку і Музей Вольнай Беларусі.
Збор сродкаў на правядзенне мерапрыемства адкрыты на платформе BYSOL.
@CabinetBelarus



