Зазулінская — пра сачэнне за вызваленымі і новыя рэпрэсіі супраць сем'яў зняволеных
2026-03-20
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская пракаментавала два трывожныя сігналы, якія паступілі пасля нядаўніх вызваленняў палітвязняў.
Сачэнне за вызваленымі
На адным з праўладных рэсурсаў з'явілася цытата Лукашэнкі пра тых, каго нядаўна выпусцілі з зняволення: па яго словах, усе яны ўзяты «пад кантроль спецслужбамі і міліцыяй». Зазулінская расцаніла гэтую заяву як пагрозу:«Гэтыя словы — адкрытае папярэджанне людзям, якія толькі выйшлі на волю пасля гадоў несправядлівага зняволення, пакут і катаванняў. Рэжым дае зразумець, што не адпусціць іх. Мы разам з праваабарончай і гуманітарнай супольнасцямі заклікаем забяспечыць бяспеку вызваленых і гарантаваць ім магчымасць у поўнай меры карыстацца сваімі правамі».
Чат сваякоў прызнаны «экстрэмісцкім»
Паралельна стала вядома, што рэжым прызнаў экстрэмісцкім Telegram-чат «СІЗО №1 Калядзічы» — найбуйнейшую супольнасць сваякоў зняволеных, дзе амаль 1800 чалавек дзяліліся практычнай інфармацыяй: правіламі перадач, парадкам афармлення заяў, рэкамендацыямі па перапісцы. Значная частка ўдзельнікаў чата не мае ніякага дачынення да палітычнай дзейнасці.«Гэта ўжо не проста палітычныя рэпрэсіі — гэта ўдар па самых звычайных людзях, па сем'ях, якія проста імкнуліся падтрымаць сваіх блізкіх. Рэжым забірае ў іх апошняе — магчымасць ведаць, як дапамагчы роднаму чалавеку за кратамі. Рэпрэсіі не спыняюцца — яны пашыраюцца і набываюць новыя формы».
Зазулінская заклікала ўсіх, хто ўдзельнічаў у падобных чатах, уважліва паставіцца да пытанняў асабістай бяспекі і сачыць за інфармацыяй на каналах праваабарончых арганізацый.
@CabinetBelarus



