Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Валовіча: крок да захавання нацыянальнай навукі

2026-03-11

Стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча становіцца адным з найважнейшых праектаў беларускай дыяспары. Праект, які рыхтуецца да рэгістрацыі ў Польшчы, атрымаў падтрымку на сустрэчы з кіраўніцай Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай.

Ініцыятыва мае на мэце сабраць беларускіх навукоўцаў, якія апынуліся за мяжой, і стварыць паўнавартасны інтэлектуальны цэнтр, які будзе прадстаўляць беларускую навуку ў еўрапейскай і міжнароднай прасторы. На сустрэчы прысутнічалі кандыдат філасофскіх навук Павел Баркоўскі, доктар мовазнаўства, амерыканскі прафесар-беларусіст Курт Вулхайзер, прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі, кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Нікановіч, кандыдат сацыялогіі Аляксей Ластоўскі і іншыя асобы, якія спрыяюць ініцыятыве ўзнікнення Беларускага даследчага ўніверсітэта.

Значэнне ўніверсітэта цяжка пераацаніць. Па словах прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні АПК Паўла Баркоўскага, моцны беларускі адукацыйны цэнтр за мяжой — гэта не проста навуковая ўстанова, але і інвестыцыя ў будучыню нацыі, у захаванне яе ідэнтычнасці і суб'ектнасці. Акрамя таго, установа здольная ўжо сёння забяспечваць рэальную экспертызу для дэмакратычных інстытутаў і ў перспектыве стаць узорам для рэформы адукацыі ў вольнай Беларусі.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла: беларускія навукоўцы, дзе б яны ні знаходзіліся, застаюцца часткай нацыянальнай акадэмічнай супольнасці. Таму стварэнне незалежных даследчых інстытутаў — гэта ўмова выжывання і развіцця беларускай навукі нават ва ўмовах выгнання.

Універсітэт імя Валовіча можа стаць той пляцоўкай, дзе беларуская думка захаваецца, умацуецца і будзе гатова вярнуцца на радзіму.

@CabinetBelarus

Main carousel image