Юлія Міцкевіч: «Дзяржава павінна адмяніць абмежавальныя меры і законы, якія парушаюць правы жанчын»
2026-03-10
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч распавяла «Белсату» пра становішча беларускіх жанчынаў і іх правоў. Яна лічыць, што сітуацыю немагчыма палепшыць без сістэмных рэформаў і спынення рэпрэсій.«Сёння беларускім жанчынам у першую чаргу не хапае захавання іх правоў і таго, каб гэтыя правы не парушаліся. На жаль, гвалт сёння зʼяўляецца структурным і сістэмным на дзяржаўным узроўні – ён убудаваны ў розныя інстытуцыі і наогул у сістэму дзяржаўнага кіравання. Каб змяніць сітуацыю, павінны адбыцца рэформы. Рэпрэсіі павінны быць спыненыя цалкам, за адзін раз і без якіх-небудзь агаворак. Усе жанчыны-палітвязні павінны быць вызваленыя, як і ўсе палітвязні ў цэлым, і пасля гэтага павінен пачацца нацыянальны дыялог і прымірэнне», – заявіла Міцкевіч.
Палітык падкрэслівае, што Беларусь застаецца адной з нямногіх краінаў рэгіёну без комплекснага закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.«Мы не ведаем дакладнай статыстыкі, таму што яна хаваецца. Але даследаванне 2022 года паказвала, што кожная трэцяя жанчына так ці інакш сутыкалася з хатнім гвалтам. І гэтыя лічбы могуць быць вышэй, таму што многія жанчыны проста не распавядаюць пра гэта», – адзначае прадстаўніца АПК.
Юлія Міцкевіч лічыць, што рэальныя змены ў Беларусі павінны адбывацца пры ўдзеле саміх жанчын і грамадзянскай супольнасці, яны немагчымыя без адмены абмежаванняў, якія закранаюць правы жанчын, і аднаўлення працы арганізацый, якія займаліся іх падтрымкай.«Вельмі важная і палітычная сфера. Для гэтага патрэбныя сумленныя выбары, каб жанчыны маглі ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях і сапраўды прадстаўляць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. Сёння жанчыны, якія знаходзяцца ў парламенце, не прадстаўляюць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў і выбарніц – яны працуюць на гэты рэжым. Але для існавання дэмакратыі, прыняцця законаў і правядзення рэформаў жанчыны павінны быць уключаны ў сферу прыняцця рашэнняў і палітычнае кіраванне», – падкрэслівае Міцкевіч.
@CabinetBelarus



