Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Што значыць свята 8 сакавіка

2026-03-08

Чальцы і чаліні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі выказаліся з нагоды Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка.

Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Кабінета:
— Мы абудзіліся ў 2020 годзе шмат у чым дзякуючы жаночай сіле і лідарству. 8 сакавіка я выказваю ўдзячнасць усім жанчынам, якія далей змагаюцца за свабоду, за нашу любую Радзіму, за будучыню! Жыве Беларусь!

Маргарыта Ворыхава прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтву:
— 8 сакавіка — гэта пра ўсіх нас: мам у эміграцыі, актывістак за кратамі, студэнтак у палітыцы. Розных — моцных, стомленых, гучных і ціхіх. Тых, хто проста хоча быць сабой. Як Кабінет, мы бярэм на сябе абавязак абараняць вашы правы і адчыняць дзверы — у палітыку, эканоміку, адукацыю, культуру, медыцыну — каб ніводная не адчувала сябе ўразлівай з-за таго, што яна жанчына.

Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы:
— Для мяне 8 сакавіка — гэта не пра кветкі. Гэта пра салідарнасць жанчын і пра права жыць без страху, дыскрымінацыі і гвалту. Пра адказнасць грамадства зрабіць так, каб гэтыя правы былі рэальнасцю, а не прыгожымі словамі.

Ірына Маклейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы:
— 8 сакавіка для мяне — пра голас жанчыны. Пра права гаварыць, быць пачутай і не прасіць прабачэння за гэта. Я вырасла ў свеце, дзе гэты голас часта імкнуліся зрабіць цішэй. І я рада, што мая дачка жыве ўжо ў іншым свеце. У свеце, дзе жаночы голас гучыць усё мацней.

Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні:
— Беларускім жанчынам яшчэ далёка да роўнасці: гендэрны разрыў у заробках, «дэкрэтная пастка», безабароннасць перад хатнім гвалтам, стэрэатыпы наконт «жаночых» прафесій. Прыгожы фасад «свята вясны» хавае непрыемную праўду. Барацьба за правы жанчын — гэта прыкмета цывілізаванасці: толькі ў справядлівым грамадстве ёсць умовы для росквіту кожнага чалавека.

Аліса Рыжычэнка, прадстаўніца па эканоміцы і фінансах:
— Гэты дзень важны для кожнай жанчыны, бо ён нагадвае: ты маеш права быць сабой. Не чыёйсьці маці, жонкай ці дачкой — а перш за ўсё сабой. Незалежнай. Свабоднай у выбары. Роўнай у правах. Эканамічная самастойнасць жанчын — гэта не проста лічбы ў бюджэце, гэта аснова сапраўднай свабоды. Дэмакратычная Беларусь пачынаецца з гэтага простага прынцыпу.

Юлія Міцкевіч, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы:
— Кожная з нас заслугоўвае жыць без гвалту і дыскрымінацыі — у бяспецы і свабодзе. 8 сакавіка — дзень, каб гаварыць пра гэта гучна і нагадваць: мы, беларускі, самі вырашаем свой лёс. З нашым днём, сяброўкі і сёстры!

@CabinetBelarus

Main carousel image