Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Вызваленне праз выгнанне — гэта не акт гуманнасці, а працяг рэпрэсіі»: выступленне Вольгі Зазулінскай на кансультатыўнай групе Беларусь–ЕС

2026-03-06

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Зазулінская выступіла на пасяджэнні кансультатыўнай групы Беларусь–ЕС з разгорнутым дакладам аб бягучым становішчы палітычных рэпрэсій і гуманітарным становішчы вызваленых палітзняволеных.

Новая форма рэпрэсій: «памілаванне» праз прымусовы вываз

Вольга Зазулінская заявіла, што з апошняга пасяджэння кансультатыўнай групы ў чэрвені 2025 года сітуацыя не палепшылася. Рэжым пачаў практыкаваць новую форму ціску — так званыя «памілаванні», якія на практыцы азначаюць прымусовы вываз людзей за межы Беларусі.

У 2025 годзе на волю выйшлі каля 200 палітвязняў у межах такіх працэдур. З іх 175 чалавек — прымусова выдаленыя з краіны. Яшчэ 387 чалавек цалкам адбылі свае тэрміны. Афіцыйны Мінск заяўляў пра памілаванне 293 чалавек, аднак праваабаронцы пацвердзілі толькі каля 200 імёнаў.

Паводле розных ацэнак, з 2020 года да 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь — ратуючыся ад рэпрэсій, пагрозаў пераследу або ціску сілавых структур.

Пры гэтым вывезеныя за мяжу былыя палітвязні сутыкаюцца з далейшымі рэпрэсіямі: іх спрабуць вербаваць, запалохваюць ціскам на родзічаў, дадаюць у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

«Гэта трансмежны палітычны пераслед, рэпрэсіі з Беларусі пераносяцца на тэрыторыі іншых краін», — адзначыла Вольга Зазулінская.

Людзі апынаюцца за мяжой — часам без дакументаў і без падтрымкі

Паводле Зазулінскай, рэжым Лукашэнкі стварае лакальныя гуманітарныя крызісы на тэрыторыі суседніх дзяржаў, перакідаючы на іх адказнасць за лёс людзей, якіх сам жа падверг пераследу. Вызваленыя апынаюцца ў чужых краінах — нярэдка зімой, без дакументаў і сацыяльных гарантый, а іх родныя пад ціскам унутры краіны.

Паводле папярэдніх вынікаў даследавання: у 72% былых палітзняволеных — дэпрэсіўныя сімптомы, у 21% — у цяжкай форме, у 38% — фізічныя парушэнні здароўя.

Роля Міжнароднага гуманітарнага фонду

Зазулінская адзначыла ключавую ролю Міжнароднага гуманітарнага фонду: ён вымушаны браць на сябе функцыі, якія ў нармальнай сітуацыі выконвае дзяржава. У першы месяц пасля дэпартацый 13 снежня на падтрымку вызваленых было накіравана больш за 200 тысяч еўра. У чацвёртым квартале 2025 года фонд падтрымаў дзесяць арганізацый на суму каля 850 тысяч еўра — шэлтары ў Варшаве, Уроцлаве, Вільні і Італіі, а таксама ініцыятывы Вольныя, Dissidentby, Анідхелпбай, фонд «Краіна для жыцця», BYSOL.

Каардынацыя дапамогі вызваленым ажыццяўляецца ў межах АПК па сацыяльнай палітыцы пры падтрымцы офіса Святланы Ціханоўскай і аб'ядноўвае Цэнтр беларускай салідарнасці, НАУ, Літоўскі Freedom House, Чырвоны крыж, Вясну, Беларускі дом правоў чалавека, Беларускі ПЭН, БАЖ і шэраг іншых арганізацый.

Заклік да еўрапейскіх дзяржаў

Зазулінская заклікала еўрапейскія дзяржавы падтрымліваць Міжнародны гуманітарны фонд і заняць ясную палітычную пазіцыю ў адносінах да практыкі прымусовага выгнання.

«Вызваленне, якое суправаджаецца выгнаннем, — гэта не акт гуманнасці, а працяг рэпрэсіі іншым спосабам. Калі міжнародная рэакцыя будзе зводзіцца да падзякі за такія "вызваленні", гэтая практыка замацуецца і стане нормай. Схема "турма плюс дэпартацыя" непрымальная і павінна быць спыненая», — заявіла Зазулінская.


@CabintBelarus

Main carousel image