Ціханоўская на кансультатыўнай групе Беларусь–ЕС: «Мы бачым ЕС як нашага ключавога саюзніка, партнёра і арыенцір»
2026-03-06
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская адкрыла пасяджэнне кансультатыўнай групы «Беларусь–ЕС» у Бруселі 6 сакавіка 2026 года. У сваім выступленні яна падвяла вынікі сумеснай працы за мінулы год і акрэсліла прыярытэты далейшага супрацоўніцтва.
Сістэма дапамогі палітзняволеным і медыяпадтрымка
Святлана Ціханоўская адзначыла, што за мінулы год пры падтрымцы ЕС была выбудавана сістэма дапамогі ахвярам рэпрэсій. Сотні вызваленых палітычных зняволеных былі прыняты ў Польшчы і Літве — пры ўдзеле Фонду дапамогі ахвярам ЕС, Міжнароднага гуманітарнага фонду і дзясяткаў грамадзянскіх ініцыятыў.
Яшчэ адным важным дасягненнем стаў запуск Медыяінструмента для кантэнт-стратэгій (MICS), накіраванага на падтрымку незалежных беларускіх медыя. «Семдзесят адсоткаў іх аўдыторыі знаходзіцца ў Беларусі», — падкрэсліла кіраўніца Кабінета.
Палітычная інтэграцыя і санкцыйны ціск
Кіраўніца Кабінета нагадала пра актыўны ўдзел беларускіх дэмакратычных сіл у еўрапейскіх інстытутах: быў падпісаны меморандум з Еўрапейскім эканамічным і сацыяльным камітэтам, сфарміравана беларуская дэлегацыя на Еўранест у Ерэване, праведзена дзевяць сумесных мерапрыемстваў з Еўрапейскім парламентам і падрыхтавана трынаццаць рэзалюцый і заяваў па Беларусі.
Асобна была адзначана праца па зборы доказаў злачынстваў рэжыму — праз Народнае антыкрызіснае кіраванне, Белпол, ІАПБ і іншыя структуры.«ЕС таксама ўвёў некалькі пакетаў санкцый супраць кампаній Лукашэнкі, а мы спрычыніліся да гэтага, збіраючы матэрыялы і доказы», — сказала Святлана Ціханоўская.
Бяспека і пытанне дакументаў
На Саміце НАТО беларускія дэмакратычныя сілы прадставілі «Чырвоную кнігу» — Рамку бяспекі ЕС–Беларусь, якая паказвае, што дэмакратычная Беларусь з'яўляецца жыццёва важным інтарэсам Еўрапейскага Саюза.
Кіраўніца Кабінета таксама паведаміла пра практычны поспех у вырашэнні пашпартнай праблемы для беларусаў у выгнанні: «Праблему пашпартоў удалося вырашыць у шэрагу краін — нядаўна ў Іспаніі і Даніі».
«Беларусь — гэта не толькі пагроза, але і магчымасць»
Завяршаючы выступленне, Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскіх партнёраў да працягу і паглыблення супрацоўніцтва.«Мы бачым ЕС як нашага ключавога саюзніка, партнёра і арыенцір. І спадзяюся, што ЕС таксама бачыць Беларусь не толькі як пагрозу, але і як магчымасць», — заявіла яна.
Кіраўніца Кабінета асобна падзякавала Еўрапейскай камісіі за падтрымку беларускага руху і грамадзянскай супольнасці і выказала перакананне, што «сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца — і мы павінны быць гатовыя».
@CabinetBelarus






