Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

У Брусэлі прайшлі слуханні па сітуацыі ў Беларусі — удзельнікі патрабавалі рэакцыі міжнароднай супольнасці

2026-02-24

23 лютага ў Брусэлі ў рамках Мемарандума аб паразуменні паміж Беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Эканамічным і сацыяльным камітэтам Еўрасаюза (ЭКАСАК) адбыліся мэтавыя слуханні знешнепалітычнай групы Камітэта. Тэма — «Беларусь — ад рэпрэсій да правоў: свабоды прафсаюзаў, артыкул 33 МАП і прававы статус у Еўропе для былых беларускіх палітычных зняволеных». Аб гэтым паведаміў прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Уладзімір Астапенка.

У дэбатах прынялі ўдзел старшыня ЭКАСАК Шэамус Боланд, спецыяльны пасланнік Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) па Беларусі Леліа Каррэа, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, намеснік кіраўніка Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Міхаіл Кабоска, прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў і Генеральнага дырэктарата па міграцыі Еўрапейскай камісіі, дэлегаты ЭКАСАК і прадстаўнікі беларускай грамадскасці.

Удзельнікі слуханняў адзначылі, што татальнае ігнараванне рэжымам Беларусі працоўных правоў, у тым ліку права на свабоду аб'яднанняў, не можа заставацца беспакараным. Была выказана актыўная падтрымка дзейнасці спецыяльнага пасланніка МАП, які імкнецца абараніць правы працоўных праз канструктыўны дыялог з беларускімі ўладамі. Адначасова на слуханнях прагучала папярэджанне: невыкананне патрабаванняў кантрольных механізмаў МАП стварае падставы для ўзмацнення абмежавальных мераў супраць рэжыму з боку дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый.

Уладзімір Астапенка адзначыў пасля мерапрыемства, што слуханні — гэта важны крок для актуалізацыі беларускай павесткі ў Еўропе і мабілізацыі падтрымкі з боку палітычных структур, прадпрымальнікаў і прафсаюзаў.

«Наша ўзаемадзеянне будзе працягнута на падставе падпісанага ў чэрвені 2025 года Мемарандума, што было таксама пацверджана ў заяве новага старшыні ЭКАСАК Шэамуса Боланда», — падсумаваў Астапенка.


@CabinetBelarus

Main carousel image