Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Зварот Паўла Латушкі з нагоды чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны

2026-02-24

Дарагія беларусы і беларускі! Шаноўныя ўкраінцы і ўкраінкі!

Сёння — чацвёртая гадавіна пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Чатыры гады таму агрэсары – Расія і рэжым Лукашэнкі – планавалі за тры дні захапіць Кіеў і ліквідаваць украінскую дзяржаўнасць. Аднак сёння мы бачым: Украіна выстаяла і працягвае сваю гераічную барацьбу. Галоўны ўрок гэтых чатырох гадоў для ўсіх нас — ніколі не здавацца, не апускаць рукі і ні на хвіліну не паддавацца хлуслівай прапагандзе.

Разам з тым мы павінны ўсвядоміць: маштаб гэтай вайны і наступ на Кіеў сталі магчымымі менавіта праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі. Яшчэ да пачатку ўварвання ён цынічна хлусіў украінскаму боку, заяўляючы, што Беларусь не мае дачынення да канцэнтрацыі войскаў. Насамрэч ён ужо тады свядома аддаў Крэмлю права выкарыстоўваць нашую тэрыторыю, нашую інфраструктуру і нашае неба ў ваенных мэтах. Гэтым самым ён уласнаручна намаляваў на нашай краіне мішэнь, зрабіўшы кожнага беларуса і кожную беларуску закладнікамі сваёй здрады.

Сёння гэтая пагроза толькі нарастае. У сваім нядаўнім інтэрв’ю Прэзідэнт Зяленскі прама заявіў: Беларусь моцна рызыкуе. Размяшчэнне на нашай зямлі расійскіх рэтранслятараў для навядзення «Шахедаў», праца беларускіх заводаў на забеспячэнне ваеннай машыны РФ і падрыхтоўка пляцовак для ракетных комплексаў «Арэшнік» — гэта крокі, якія ператвараюць Беларусь у прамую ваенную мэту. Лукашэнка канчаткова пазбавіў сябе суб’ектнасці: ён больш не прымае рашэнняў у інтарэсах беларускага народа, а толькі бяздумна выконвае загады Крамля.

Лукашэнка абавязкова панясе адказнасць за свае злачынствы. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вядзе сістэмную працу, каб кожны факт быў дакументальна пацверджаны: ад злачынства агрэсіі праз прадастаўленне тэрыторыі для нападу да саўдзелу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Мы зробім усё, каб Лукашэнка панёс адказнасць за свае злачынствы. Гэта шлях да справядлівасці, без якой немагчымы сапраўдны мір.

Праз свае дзеянні Лукашэнка спрабуе назаўжды разбурыць адносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі, робіць Беларусь ізаляваным ваенным прыдаткам расійскай імперыі.

Таму мы павінны разумець: сапраўдны і трывалы мір паміж Беларуссю і Украінай магчымы толькі без Лукашэнкі. Сапраўдны мір — гэта адносіны паміж дзвюма суверэннымі, дэмакратычнымі дзяржавамі, якія паважаюць незалежнасць адзін аднаго. Лукашэнка не здольны забяспечыць гэта, бо ён сам з’яўляецца інструментам разбурэння беларускага суверэнітэту і бяспекі. Яго палітыка вядзе нас усіх ў тупік — да будучыні без дзяржаўнасці, без бяспекі, да ізаляцыі і галечы.

Прэзідэнт Зяленскі справядліва заўважыў: калі б беларускі народны пратэст перамог у 2020 годзе, сёння ўвесь наш рэгіён быў бы ў бяспецы. Гэта горкая, але важная супольная выснова: несвабода і дыктатура непазбежна прыводзяць да агрэсіі. Гэтая сувязь паміж нашай свабодай і бяспекай для ўсяго рэгіёну сёння відавочная як ніколі.

Менавіта таму мы з асаблівай павагай кажам пра кожнага беларуса і кожную беларуску, хто выбраў шлях змагання. Мы ганарымся нашымі добраахвотнікамі, якія са зброяй у руках бароняць украінскую зямлю, і нашымі валанцёрамі, якія набліжаюць момант справядлівасці. Мы памятаем пра герояў, якія знаходзяцца ў лукашэнкаўскіх турмах за супраціў гэтай крывавай вайне. Ваша мужнасць — гэта доказ таму, што Беларусь — гэта не Лукашэнка. Вы — гэта сапраўдная Беларусь, якая мае права на будучыню.

Украіна працягвае змагацца, паказваючы ўсяму свету прыклад нязломнасці. Так і наш шлях застаецца нязменным: гэта барацьба з дыктатурай, за дэмакратычныя змены і вяртанне свабоднай Беларусі ў еўрапейскую сям’ю народаў. Толькі дэмакратычная Беларусь стане надзейнай гарантыяй таго, што з нашай зямлі больш ніколі не паляцяць ракеты на гарады суседзяў.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

@CabinetBelarus

Main carousel image