Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Зазулінская: «Чатыры гады вайны — занадта сур'ёзнае выпрабаванне, каб дазволіць сабе абыякавасць»

2026-02-24

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская выступіла з заявай з нагоды чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Вольга Зазулінская адзначыла, што за чатыры гады вайна стала цяжкай штодзённасцю для мільёнаў людзей. Расія мэтанакіравана знішчае энергетычную інфраструктуру і сістэмы водазабеспячэння — «разбураецца не толькі вайсковая, але і цывільная аснова жыцця, тое, што дае святло, цяпло і ваду».

Асобна прадстаўніца Кабінета спынілася на становішчы беларусаў. Яна нагадала, што ад лютага 2022 года за падтрымку Украіны асуджаны не менш за 403 чалавекі, больш за 200 з іх цяпер за кратамі. Сярод асуджаных — 71 жанчына. Людзей каралі за перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі, за данаты добраахвотнікам, за намер далучыцца да Палка Каліноўскага.

Вольга Зазулінская таксама нагадала, што не менш за 86 беларускіх добраахвотнікаў загінулі, абараняючы незалежнасць Украіны.

«За кожнай лічбай — канкрэтнае жыццё і канкрэтная сям'я», — падкрэсліла яна.


Асобную ўвагу прадстаўніца Кабінета надала лёсу дзяцей — украінскіх і тых, каго вывезлі з акупаваных тэрыторый у Беларусь.

«Гаворка ідзе не пра палітыку, а пра зламанае дзяцінства», — заявіла Вольга Зазулінская, дадаўшы, што міжнароднае права дае такім дзеянням адназначную ацэнку.

«Як прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы, я ўспрымаю вайну перш за ўсё праз лёсы людзей — праз траўмы, якія будуць адчувацца яшчэ доўгія гады, праз сем'і, якім давядзецца наноў будаваць сваё жыццё», — сказала яна.


Вольга Зазулінская падкрэсліла, што падтрымка Украіны — «не жэст і не фармальнасць», а паслядоўная праца: валанцёрскія праекты, дапамога добраахвотнікам, падтрымка арганізацый, якія працуюць з ветэранамі і сем'ямі загінулых.

«Чатыры гады — гэта занадта доўга, каб прывыкнуць. І занадта сур'ёзнае выпрабаванне, каб дазволіць сабе абыякавасць», — падсумавала прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета.


@CabinetBelarus

Main carousel image