Прадстаўнікі дэмакратычных інстытутаў абмеркавалі сацыяльную падтрымку беларусаў з дыпламатамі краінаў Балтыі
2026-02-23
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская прыняла ўдзел у сустрэчы з спецпрадстаўнікамі Літвы, Латвіі і Эстоніі, якая адбылася 23 лютага ў Вільні
З боку балтыйскіх краін у сустрэчы ўзялі ўдзел спецпрадстаўнікі Аста Андрыяўскіне (Літва), Кармэн Лаўс (Эстонія) і Гунта Пасторэ (Латвія). З беларускага боку таксама прысутнічалі дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі, дарадца па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч і пазаштатны дарадца па пытаннях экалогіі Дзмітрый Кучук.
На сустрэчы Вольга Зазулінская прадставіла сацыяльныя прыярытэты Кабінета і акрэсліла асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы ў краінах пражывання — ад легалізацыі да доступу да сацыяльных і адукацыйных паслугаў. Асобна абмяркоўвалася сітуацыя з палітычнымі вязнямі і рэпрэсаванымі, а таксама пытанні гуманітарнай, прававой і фінансавай дапамогі.«Я шчыра дзякую краінам Балтыі за нязменную падтрымку і салідарнасць з беларусамі. Для нас важна адчуваць не толькі палітычную, але і чалавечую падтрымку — ведаць, што правы чалавека і лёсы беларусаў застаюцца на парадку дня», — сказала прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы.
Па яе словах, на сустрэчы быў акрэслены шырокі спектр патрэб: «Мы пазначылі, якая дапамога цяпер найболей патрэбная — гуманітарная, праўная, інстытуцыйная і фінансавая».
Вольга Зазулінская асобна падзякавала балтыйскім партнёрам за ўдзел у фінансаванні Міжнароднага Гуманітарнага Фонду: «Гэта наўпрост уплывае на лёсы людзей».
Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся пра далейшае узаемадзеянне. «Гутарка атрымалася адкрытай, змястоўнай і накіраванай на працяг супольнай працы», — падсумавала прадстаўніца Кабінета.
@CabinetBelarus





