Павел Латушка: Трэба шанаваць сваё, любіць сваё
2026-02-21
Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою заўжды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі, —
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшыся ад грознай бяды,
Увесь поўны смяротнай жуды,
Ты крыкнуць не вольны: «Ратуйце!»
І мусіш ты «Дзякуй» крычаць.
Пачуйце ж гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!
Адзін са сваіх любімых вершаў Максіма Багдановіча прачытаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас эфіру «Раніца з Белсатам», прысвечанага Дню роднай мовы.
Павел Латушка ўспомніў, як ставіліся да беларускай мовы падчас яго працы ў Міністэрстве замежных спраў і як стварыў клуб амбасадараў, якія размаўляюць па-беларуску:
«Для мяне ўвогуле было непрымальна, калі я працаваў амбасадарам у Польшчы, пісаць па-руску. Як гэта можна ўявіць? Так што беларускую мову дыпламаты прасоўвалі.
Я памятаю першыя дні сваёй працы ў МЗС: мы ўсю натыфікацыю з амбасадамі замежных краін, акрэдытаванымі ў Мінску, вялі на беларускай мове. А прыкладам для нас былі амбасады Польшчы і ЗША — яны заўсёды пісалі па-беларуску. У нашым дагаворна-прававым ўпраўленні МЗС мы пісалі выключна па-беларуску.
Калі я быў міністрам культуры, я стварыў клуб амбасадараў, якія размаўляюць на беларускай мове. І ў гэты клуб, напрыклад, увайшлі амбасадары Швецыі, Украіны, Літвы. Увайшло 4–5 амбасадараў, я іх запрашаў у тэатры — у Купалаўскі, у Вялікі тэатр. Стараліся прасоўваць беларускую мову разам».
«На жаль, быў адзіным членам урада, які выкарыстоўваў беларускую мову. Памятаю, як выступаў у Палаце прадстаўнікоў на беларускай мове».
Павел Латушка прыгадаў, як Лукашэнка падчас адной з размоў сказаў, што таксама размаўляў бы па-беларуску, калі б захацеў, але які кошт на газ і нафту тады запрапанаваў бы Пуцін.
«Ён прадаў фактычна свядомасць, наш народ, нашу нацыянальнасць за што? За кошт газу і нафты?»
Павел Латушка адзначыў, што свядома размаўляў на беларускай мове, калі ўручаў даверчыя лісты ў Варшаве прэзідэнту Аляксандру Кваснеўскаму:
«Прэзідэнт Польшчы мне тады кажа, што я вельмі добра валодаю польскай мовай. Я падзякаваў прэзідэнту і запытаў: „А ці хтосьці ў Палацы Прэзідэнта з вамі размаўляў па-беларуску калі-небудзь?“ Ён паглядзеў на мяне, кажа: „Не“. „А ці магу я дазволіць сабе, каб размаўляць з вамі на беларускай мове?“І ён пагадзіўся. Ён размаўляў па-польску, а я па-беларуску».
Таксама Павел Латушка падкрэсліў, з якім супрацівам унутры сістэмы сустракаліся ініцыятывы прасоўваць беларускую культуру на публічных мерапрыемствах. Згадаў гісторыю, як у бытнасць міністрам культуры падчас рэпетыцыі адкрыцця «Славянскага базару» было запланавана, што першыя словы будуць расійскага аўтара Вазнясенскага на рускай мове. Ён настаяў на тым, каб адкрыццё фестывалю было вершам беларускага паэта, і распавёў, як гэтаму супраціўлялася Наталля Пяткевіч.
Павел Латушка ўспомніў гісторыю, якая здарылася падчас прэміі «За духоўнае адраджэнне», калі тагачасная намесніца кіраўніка ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Ірына Дрыга выкрасліла беларускіх песняроў Купалу і Коласа з праграмы:
«Я тэлефаную і кажу: „ Моцарт, Чайкоўскі — гэта наша нацыянальнае адраджэнне? А Купала і Колас у юбілейны год — не наша?“ Я кажу: „Не буду візаваць гэтую праграму, калі хочаце — дакладайце Лукашэнку самі“. Ведаеце што? Вярнулася праграма з Купалам і Коласам».
На ютуб-канале Паўла Латушкі вы можаце паслухаць іншыя цікавыя расповяды пра тое, як высокія дзяржаўныя чыноўнікі ў Беларусі ставіліся да беларускай мовы: https://www.youtube.com/watch?v=bB9Ht2y44no
@CabinetBelarus



