Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Баркоўскі: «Беларуская мова — гэта наш сімвалічны доўг і аснова нацыянальнай трываласці»

2026-02-21

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі звярнуў увагу на пагаршэнне стаўлення да беларускай мовы ў Беларусі і заклікаў беларусаў, у тым ліку за мяжой, выкарыстоўваць родную мову штодзённа, а не толькі ў святочныя даты.

Павел Баркоўскі прыгадаў словы Вацлава Ластоўскага, які пісаў:
«Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў… Справядлівы, добры чалавек ніколі не саромеецца роднае мовы».

Паводле прадстаўніка Кабінета, гэтыя словы застаюцца актуальнымі і цяпер, бо стан беларускай мовы на радзіме працягвае пагаршацца.

«Усё менш школаў, тэатраў і дзяржаўных медыя карыстаюцца беларускай мовай. Выбраць беларускую сёння — гэта ўжо не проста культурны жэст, а акт грамадзянскай мужнасці. Быць беларусам у Беларусі цяпер не проста», — адзначыў Павел Баркоўскі.


Асобна палітык падкрэсліў цяжкасці, з якімі сустракаюцца беларусы за межамі краіны. На яго думку, асіміляцыя становіцца звыклым і прасцейшым шляхам, чым аднаўленне і перадача роднай мовы сваім дзецям.

«Тым не менш, гэта наш сімвалічны доўг перад уласнай культурай, продкамі і гісторыяй — ратаваць нашую спадчыну, не даць знікнуць адной з наймілагучнейшых моваў Еўропы», — заявіў прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні.


Павел Баркоўскаі адзначыў, што беларуская мова ўсё больш становіцца мовай выбару маладых, крэатыўных і адукаваных колаў:

«Сёння гэта ўжо не мова вёскі ці правінцыі. Гэта мова сучаснай моладзі, спецыялістаў, грамадзянскай супольнасці. І гэта тычыцца і беларускіх палітыкаў: той, хто працуе з грамадскай думкай, мусіць валодаць беларускай мовай — гэта знак павагі да беларусаў».


Ён таксама заўважыў, што расійская мова, якая была доўгім часам паўсядзённай звычкай, цяпер у рэгіёне «стае элементам пагрозы і культурніцкай вайны»: «Ёй можна карыстацца, але развіваць і любіць варта сваё».

У завяршэнні Павел Баркоўскі заклікаў беларусаў не абмяжоўваць моўную актыўнасць адной датай:
«Жадаю ўсім беларусам узгадваць і размаўляць роднай мовай не толькі 21 лютага, а і ўсе іншыя дні календара. Няхай жыве беларуская мова, жыве вечна!»



У Дзень роднай мовы Павел Баркоўскі анлайн паўдзельнічаў у нацыянальнай дыктоўцы, арганізаванай прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні пры падтрымцы тэлеканала Белсат. Тэкст Янкі Сіпакова для ўдзельнікаў чытаў музыка Лявон Вольскі. Любы жадаючы можа яшчэ паўдзельнічаць самастойна, паслухаўшы запіс па спасылцы. Файлы для напісання дыктоўкі і самаправеркі можна спампаваць тут.


@CabinetBelarus

Main carousel image