Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Рада Еўропы рыхтуе чарговы план дзеянняў па супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, якая прадугледжвае рэалізацыю пятнаццаці праектаў

2026-02-20

Сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Рады Еўропы ў Варшаве Ежы Баўрскім і амбасадарам Германіі ў Варшаве Мігелем Бергерам правёў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка.

У ходзе сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Рады Еўропы ў Варшаве Павел Латушка дэталёва праінфармаваў пра працу дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, а таксама пра прынятыя ПАРЕ дакументы па ініцыятыве беларускай дэлегацыі і папраўкі, унесеныя ў гэтыя дакументы па прапанове дэлегатаў Каардынацыйнай Рады.

Адначасова былі абмеркаваны перспектывы далейшага пашырэння супрацоўніцтва як з прадстаўніцтвам Рады Еўропы ў Варшаве, так і з Радай Еўропы ў цэлым. Размова ішла пра арганізацыю сустрэч, накіраваных на больш шчыльнае ўзаемадзеянне па пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзяйсненне акта агрэсіі ў дачыненні да Украіны — у сувязі з тым, што Рада Еўропы выступіла ініцыятарам стварэння Спецыяльнага трыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны. Адпаведнае пагадненне было падпісана 25 чэрвеня Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зеленскім і Генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсе.

Прадстаўнік Рады Еўропы паведаміў, што ў найбліжэйшы час плануецца прыняцце чарговага плана дзеянняў па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, які прадугледжвае рэалізацыю пятнаццаці праектаў.

Падчас сустрэчы з паслом Германіі Павел Латушка прадставіў інфармацыю пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі і рэпрэсіі, узровень якіх не змяншаецца. Таксама праінфармаваў пра дапамогу, якую аказваюць Аб’яднаны Пераходны Кабінет і праваабарончыя арганізацыі ў легалізацыі і сацыялізацыі вызваленых палітвязняў у Польшчы.

Адначасова Павел Латушка паінфармаваў пра крызісную эканамічную сітуацыю ў Беларусі, выкліканую ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкай рэжыму Лукашэнкі. Была адзначана важнасць накіравання выразных сігналаў рэжыму Лукашэнкі аб неабходнасці змены палітыкі, у тым ліку праз павелічэнне санкцыйнага ціску.

Асобны акцэнт быў зроблены на неабходнасці пачатку дыялогу прадстаўнікоў функцыянальнай улады з беларускім грамадствам з выкарыстаннем інструмента «круглага стала», што магло б адкрыць магчымасці для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі і захавання незалежнасці дзяржавы.

@CabinetBelarus

Main carousel image