Выклікі, з якімі сутыкаюцца вызваленыя палітзняволеныя, і крокі па іх вырашэнні палітыкі і праваабаронцы абмеркавалі з дыпламатамі
2026-02-20
«На сённяшні дзень галоўная задача, якая стаіць перад намі, і тое, з чым мы звяртаемся да польскіх уладаў — па магчымасці аператыўна разглядаць запыты пра легалізацыю вызваленых палітычных зняволеных, каб забяспечыць ім магчымасць доступу да рынку працы і сацыялізацыю ў польскім грамадстве», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас брыфінгу для замежных дыпламатаў у Варшаве «Выклікі свабоды — дэпартаваныя беларускія палітвязні ў Польшчы».
Мерапрыемства было арганізавана пасольствам Нідэрландаў у Польшчы сумесна з АПК, мадэратарам выступіў пасол Нідэрландаў у Польшчы Енес дэ Мол. Удзельнікі абмеркавалі выклікі і патрэбы дэпартаваных беларускіх палітвязняў.
На брыфінгу выступілі Павел Латушка і прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый Dissidentby, Валанцёрская служба Вясны, Беларускі ПЭН, ініцыятывы Volnyja, Цэнтра беларускай салідарнасці, Беларускага дома правоў чалавека, а таксама дырэктарка офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысціна Шыянок.
На мерапрыемстве прысутнічалі дыпламаты з больш чым 16 краін свету, прадстаўнікі міжнародных арганізацый: Польскага Чырвонага Крыжа, Рады Еўропы і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.
Падчас выступу Павел Латушка акрэсліў галоўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца дэпартаваныя былыя палітвязні. Сярод іх — час разгляду заяў на атрыманне міжнароднай абароны. Таксама ёсць праблема, звязаная з выдачай віз родным і блізкім вызваленых палітвязняў.
Павел Латушка прыгадаў і пра некарэктную трактоўку банкамі санкцыйнай палітыкі ЕС. Намеснік кіраўніцы Кабінета заявіў, што накіраваў зварот у Еўракамісію з просьбай растлумачыць, што санкцыі накіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі і звязаных з ім структур, а не супраць беларусаў.«Чацвёртая праблема звязана з забеспячэннем правоў вызваленых палітзняволеных пенсійнага ўзросту. Па гэтым пытанні мы ажыццяўляем камунікацыю з Міністэрствам сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы», — распавёў прадстаўнік АПК.
Павел Латушка адзначыў, што гэтыя пытанні плануе ўзняць падчас пасяджэння Кансультатыўнай групы «Дэмакратычныя сілы Беларусі — ЕС», якое запланавана на 6 сакавіка.
Палітык падкрэсліў важнасць прававой ацэнкі дэпартацыі палітзняволеных, якую ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі:«Важна, што людзей вызвалілі, але з пункту гледжання міжнароднага права гэта з’яўляецца дэпартацыяй, злачынствам супраць чалавечнасці. Як вы ведаеце, у 2024 годзе ўрад Літвы накіраваў зварот у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда з просьбай расследаваць трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Мы просім вас падтрымаць гэтую ініцыятыву Літвы».
«На сустрэчы мы асобна гаварылі пра тое, што насамрэч адбываецца з людзьмі пасля так званага “вызвалення”. Адных у выніку перамоваў проста прымусова вывозяць з краіны, а да тых, хто выходзіць па сканчэнні тэрміну ўнутры Беларусі, усё часцей ужываецца практыка фактычнага выціскання — 2–3 дні на выезд пад пагрозай новых крымінальных спраў і ціску на сем’і. Для мяне прынцыпова дамагацца не справаздач пра “вызваленне”, а рэальнай абароны, прававога статусу і ўз’яднання гэтых людзей з іх блізкімі», — адзначыла Вольга Зазулінская.
Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый прадставілі прававую ацэнку сітуацыі з прымусова дэпартаванымі былымі палітвязнямі. Звярнулі ўвагу на крытычную важнасць урэгулявання іх прававога статусу, а таксама апісалі патрэбы палітвязняў і кошт іх падтрымкі.
Цалкам прамову можна прачытаць па спасылцы тут.
@CabinetBelarus




