Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Выступ намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі на брыфінгу для замежных дыпламатаў

2026-02-20

Паважаны спадар пасол Енес дэ Мол, Вашы Эксцэленцыі, паважаныя калегі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, паважаныя калегі па дэмакратычным руху!

Перш за ўсё, хацеў бы падзякаваць амерыканскаму боку за намаганні, якія робіць спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл і Дзярждэп ЗША ў пытаннях вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.

Таксама хацеў бы падзякаваць усім беларускім праваабарончым арганізацыям.

Хацеў бы таксама ў вашай прысутнасці выказаць словы ўдзячнасці польскім уладам.

Перш за ўсё, хацеў бы адзначыць вельмі пазітыўнае і канструктыўнае стаўленне галоўнага каменданта Памежнай службы Польшчы, генерала Баганя, які даў даручэнне памежнай службе аказваць максімальнае садзейнічанне ў забеспячэнні аператыўнай падачы заяў на міжнародную абарону вызваленымі палітычнымі зняволенымі.

Мы ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі памежнай службы ў Варшаве, Беластоку, Гданьску і Вроцлаве, заявы прымалі і ў суботу, і ў нядзелю для таго, каб усе палітвязні, якія прынялі рашэнне легалізавацца ў Польшчы, змаглі падаць заяву на міжнародную абарону яшчэ да Новага года.

Польскі бок прыняў на разгляд звароты ад 83 вызваленых палітычных зняволеных.

Мы ўсталявалі камунікацыю з Ведамствам па справах замежнікаў, і была дасягнутая дамоўленасць, што па меры фарміравання дасье пытанні пра легалізацыю беларускіх палітычных зняволеных будуць разглядацца на працягу 30 дзён. Калі спатрэбіцца збор дадатковых матэрыялаў, то гэты тэрмін можа быць працягнуты.

МЗС Польшчы таксама аказваў усебаковае садзейнічанне ў вырашэнні гэтых пытанняў.

Важна таксама выказаць словы ўдзячнасці ўкраінскаму боку, які першы прыняў усіх палітычных зняволеных, дэпартаваных з тэрыторыі Беларусі. Канечне, словы ўдзячнасці літоўскім уладам за прыняцце часткі групы палітычных зняволеных.

На сённяшні дзень галоўная задача, якая стаіць перад намі, і з чым мы звяртаемся да польскіх уладаў, — максімальна аператыўна разгледзець запыты пра легалізацыю вызваленых палітычных зняволеных, каб забяспечыць ім магчымасць доступу да рынку працы і сацыялізацыю ў польскім грамадстве.

У выпадку працяглага разгляду пытанняў легалізацыі ўзнікае неабходнасць дадатковых выдаткаў, звязаных з пражываннем і забеспячэннем знаходжання на тэрыторыі Польшчы вызваленых палітычных зняволеных. Гэта запатрабуе дадатковых значных фінансавых выдаткаў. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй адбылася легалізацыя вызваленых палітвязняў, і яны атрымалі магчымасць легальна працаваць у Польшчы.

Наступная праблема звязаная з выдачай віз родным і блізкім вызваленых палітычных зняволеных, якіх яны не бачылі гадамі. На сённяшні дзень гэтае пытанне знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы.

Тут гаворка ідзе пра дзве групы.

Адна група палітычных зняволеных плануе ўз’яднанне з членамі сем’яў. І тут мы звяртаемся да польскага боку пра разгляд магчымасці выдачы гуманітарных віз. Аднак узнікае праблема, звязаная з наяўнасцю падстаў або крытэрыяў для атрымання дадзенага тыпу візы, такіх як доказы пераследу членаў сем’яў на тэрыторыі Беларусі і г.д.

Другая група — гэта палітычныя зняволеныя, сваякі якіх не плануюць або не могуць пераехаць, таму гаворка ідзе пра выдачу шматразовых віз для магчымасці наведвання сваіх родных і блізкіх на тэрыторыі Польшчы.

Варта адзначыць, што польскія консулы аўтаномныя ў прыняцці рашэнняў і прымаюць гэтыя рашэнні, зыходзячы з ацэнкі прадстаўленых дакументаў, падстаў для атрымання візы.

Мы хацелі б звярнуцца да нашых партнёраў, іншых дзяржаў, членаў ЕС, пра магчымую візавую падтрымку для родных і блізкіх, якія не плануюць застацца для сталага пражывання на тэрыторыі Польшчы або іншых краін — членаў Еўрапейскага Саюза, а плануюць наведваць сваіх родных і блізкіх вызваленых палітычных зняволеных.

Трэцяя праблема, якая стаіць перад намі. З улікам, на наш погляд, некарэктнай трактоўкі банкамі санкцыйнай палітыкі Еўрапейскага саюза беларусы ў цэлым і вызваленыя палітычныя зняволеныя ў прыватнасці сутыкаюцца з праблемай, звязанай з немагчымасцю адкрыцця разліковых рахункаў у польскіх банках без наяўнасці дзейнага ВНЖ.

Мы знаходзімся ў камунікацыі з Камісіяй фінансавага нагляду Польшчы для вырашэння гэтай праблемы.

Я накіраваў зварот у Генеральны дырэктарат па фінансавай стабільнасці Еўракамісіі (FISMA) з просьбай растлумачыць, што санкцыі накіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі і звязаных з ім структур, а не супраць фізічных асоб, прапанаваўшы пры неабходнасці выпусціць афіцыйныя тлумачэнні або ўнесці змены ў рэгламент ЕС, каб гарантаваць беларускім грамадзянам доступ да базавых банкаўскіх паслуг.

Копію гэтага звароту я таксама перадаў у ходзе нашай сустрэчы ў Варшаве з прадстаўнікамі Еўракамісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Копію гэтага ліста мы можам накіраваць у тым ліку і вам у выпадку вашай зацікаўленасці.

Чацвёртая праблема звязаная з забеспячэннем правоў пенсіянераў. У нас ёсць вызваленыя палітычныя зняволеныя пенсійнага ўзросту, якія ў тым ліку пазбаўленыя пенсіі на тэрыторыі Беларусі. І цяпер яны трапляюць у сітуацыю, калі яны не будуць мець права на пенсійнае забеспячэнне ў краінах-членах Еўрапейскага Саюза. Некаторыя з іх непрацаздольнага ўзросту і па стане здароўя не могуць працаваць.

Гэтую праблему важна вырашаць як на нацыянальным узроўні канкрэтных дзяржаў, дзе будуць знаходзіцца вызваленыя, альбо на ўзроўні Еўрапейскай камісіі.

Мы знаходзімся ў пастаяннай камунікацыі з Міністэрствам сям’і і сацыяльнай палітыкі Польшчы. Аднак на сённяшні дзень пакуль не відаць вырашэння гэтай праблемы. Але гэтая праблема не павінна класціся цяжарам толькі на Польшчу. З улікам таго, што Лукашэнка дэпартуе палітычных зняволеных і ў Польшчу, і ў Літву, тут трэба, як мне ўяўляецца, шукаць агульнае рашэнне на ўзроўні ЕС.

Таксама хацеў бы адзначыць яшчэ адну задачу, якая стаіць перад намі. З улікам магчымага вызвалення наступнай групы палітычных зняволеных ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета мной ужо пачата камунікацыя з мясцовымі органамі ўлады Польшчы ў гарадах Беласток, Познань, Гданьск з просьбай аб прадстаўленні месцаў для пражывання вызваляемых палітычных зняволеных на платнай аснове.

Гэта звязана з тым, што выдаткі на пражыванне вызваленых палітычных зняволеных у гатэлях дастаткова высокія, і мы шукаем рашэнне, як зменшыць выдаткі на неабходнасць працяглага забеспячэння жыллём вызваленых беларусаў. Гаворка ідзе пра забеспячэнне жытлом на перыяд іх легалізацыі і да моманту атрымання працы.

Прававая ацэнка

Важна, што вызвалілі людзей, але з пункту гледжання міжнароднага права гэта з’яўляецца дэпартацыяй, злачынствам супраць чалавечнасці.

Дыктатар Лукашэнка, каментуючы прымусовую «дэпартацыю» 123 палітычных зняволеных з Беларусі, публічна прызнаў, што адхіліў просьбу Злучаных Штатаў Амерыкі пра прадстаўленне вызваленым зняволеным магчымасці застацца ў Беларусі; заявіў, што вызваленым асобам не павінна быць прадастаўлена «магчымасць вярнуцца» ў Беларусь; а таксама што людзям наўмысна адмаўляюць у выдачы пашпартоў. Ён прама назваў гэтых грамадзян «ворагамі».

Як вы ведаеце, у 2024 годзе ўрад Літвы накіраваў зварот у офіс пракурора МКС аб расследаванні трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці супраць беларусаў. І мы просім вас усіх падтрымаць гэты зварот Літвы. Сумесна НАУ і праваабарончыя арганізацыі прадставілі велізарную колькасць доказаў злачынстваў, учыненых рэжымам.

Тое, што адбылося 13 снежня, з’яўляецца яшчэ адным прыкладам злачынстваў, якія ўчыняюцца. Мы прааналізавалі гэтыя факты і накіравалі дадзеныя ў МКС.

Аб’яднаны пераходны кабінет лічыць, што ў амерыканскага боку дастаткова аргументаў і сілы дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі пры важнасці спынення рэпрэсій. Бо на сённяшні дзень гэта выглядае як канвеер-белт: больш людзей прызнаецца палітычнымі зняволенымі, чым выходзіць дзякуючы камунікацыі амерыканскага боку.

Да еўрапейскіх партнёраў мы звяртаемся з просьбай дамагацца ад Лукашэнкі сістэмных, а не касметычных змяненняў ва ўнутранай палітыцы Беларусі, а таксама спынення падтрымкі агрэсіі супраць Украіны.

У якасці формулы мы прапануем правядзенне круглага стала, у якім маглі б узяць удзел прадстаўнікі функцыянальнай улады Беларусі, дэмакратычных інстытутаў і еўрапейскіх партнёраў. У руках Еўрапейскага Саюза знаходзіцца самы магутны санкцыйны інструмент — залатая санкцыйная акцыя.

І учорашняя статыстыка, апублікаваная Нацыянальным статыстычным агенцтвам Беларусі, дэманструе катастрафічнае становішча ў эканоміцы Лукашэнкі. Лукашэнка зацікаўлены ў аднаўленні эканамічнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Мы зацікаўленыя ў змяненні сітуацыі ўнутры краіны. Для гэтага мы просім нашых еўрапейскіх партнёраў, мы накіроўвалі вам нашу прапанову, ставіць умовы Лукашэнку пра неабходнасць пачатку дыялогу ўнутры беларускага грамадства, правядзення круглага стала для выхаду з глыбокага палітычнага крызісу.

Main carousel image