Палітык Мікалай Статкевіч на волі
2026-02-19
Сёння стала вядома пра вызваленне палітыка Мікалая Статкевіча.«З моманту адмовы Мікалая Статкевіча перасякаць мяжу з Літвой я працавала па ягоным пытанні; на кожнай сустрэчы, на кожнай пляцоўцы ўздымалася пытанне пра Міколу.
Я ўвесь час інфармавала партнёраў пра новыя абставіны па ягоным пытанні, я прасіла дапамагчы ў вызначэнні ягонага месцазнаходжання.
Цяпер ён на волі, жадаю яму як мага хутчэй аднавіць здароўе і рада, што ён жывы і побач са сваёй жонкай. Мікола Статкевіч — абсалютны герой», — пракаментавала вызваленне прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Зазулінская.
Пры гэтым прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета падкрэсліла, што дзеянні рэжыму ў дачыненні Мікалая Статкевіча і тое, да якога стану яго давялі — гэта проста недапушчальна.«Стан, у якім вызвалены Мікалай, выклікае вялізную трывогу. Інсульт, да якога яго давялі, гэта вынік бесчалавечнага, абсалютна негуманнага стаўлення і ў апошнія месяцы, і на працягу ўсяго незаконнага тэрміну зняволення, які Мікалай Статкевіч адбываў у самых жорсткіх ўмовах — пераважна ў ШЫЗА, у адзіночнай камеры, у ПКТ. Але гэтага ім было мала, давялі да рэанімацыі, хавалі інфармацыю пра яго знаходжанне, не давалі блізкім магчымасці перадаць яму лекі. А гэта быў ужо быццам бы памілаваны чалавек, які не захацеў пакідаць сваю краіну і з'язджаць за мяжу», — заявіла Вольга Зазулінская.
Нагадаем, што 11 верасня Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зняволенага. Усіх акрамя Мікалая прымусова вывезлі ў Літву. Палітык адмовіўся ад дэпартацыі і застаўся ў Беларусі. Там яго затрымалі і зноў змясцілі за краты, працяглы час інфармацыя пра стан Мікалая Статкевіча адсутнічала.
Сёння ж стала вядома пра вызваленне цяжарнай палітзняволенай Наталлі Левай, у якой праз некалькі тыдняў надыходзіць тэрмін нараджаць.
Фота Мікалая Статкевіча носіць ілюстратыўны характар, зроблена да незаконнага затрымання, здейсненага ў 2020 годзе.
@CabinetBelarus



