Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Першая двухбаковая сустрэча Зяленскага і Ціханоўскай

2026-01-25

У Вільні вечарам 25 студзеня Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў білатэральную сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, кіраўніцай Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Ціханоўская ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку украінскаму народу, які змагаецца за свабоду і адзначыла выключнае асабістае лідэрства прэзідэнта Зяленскага, і падзякавала за моцную прамову на цырымоніі ўшанавання паўстанцаў 1863 году.

Яна падзякавала Прэзідэнту за ягоную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, і за тое, што кіраўніцтва Украіны раздзяляе беларусаў і рэжым. Ціханоўская асобна згадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, а таксама партызанаў, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны, а таксама беларусаў ва Ўкраіне. Беларуская лідарка таксама асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў.

Ціханоўская падзякавала Прэзідэнту, а таксама ягонай камандзе (у прыватнасці Кіраўніку адміністрацыі Прэзідэнта — Кірылу Буданаву) за прыняццё апошняй групы вызваленых палітвязняў. Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, наступныя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падтрымку падобнага кшталту надалей.

Ціханоўская і Зяленскі таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку, супольную стратэгію з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі, і памагатых рэжыму, у тым ліку — за вываз украінскіх дзяцей.

Ціханоўская прапанавала прызначыць спецпасланніка па Беларусі, гэтак жа як гэта зрабілі шматлікія іншыя дэмакратычныя краіны. А таксама больш шчыльную супрацу з Місіяй дэмакратычных сілаў у Кіеве. Таксама абмеркавалі візіт Ціханоўскай ва Украіну: Прэзідэнт Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў.

Ціханоўская падкрэсліла, што лёсы вольнай Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя, і што яна, ейная каманда і АПК будуць радыя яшчэ больш шчыльнаму супрацоўніцтву з Украінай.

Main carousel image