Павел Латушка сустрэўся з паслом Латвіі ў Польшчы
2026-01-23
Сёння адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі, кіраўніка НАУ з паслом Латвіі ў Польшчы Раймондсам Янсансам.
Павел Латушка праінфармаваў пасла пра дзейнасць інстытутаў дэмакратычных сіл — Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады — а таксама пра ўзаемадзеянне з Еўрапейскім Саюзам і запланаванае правядзенне чарговага пасяджэння кансультатыўнай групы «Дэмакратычная Беларусь — Еўрапейскі Саюз».
Акрамя таго, бакі абмеркавалі сітуацыю на межах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай, агрэсіўныя гібрыдныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі.
Асаблівая ўвага была нададзена пытанням далейшых крокаў, накіраваных на вызваленне палітычных зняволеных, а таксама праблеме экстэрытарыяльнага пераследу беларусаў, якія пражываюць у дзяржавах-членах ЕС.
Павел Латушка і Раймондс Янсанс сышліся ў меркаванні, што ціск з выкарыстаннем санкцыйных інструментаў прымушае рэжым Лукашэнкі апошнімі днямі публічна дэманстраваць імкненне да нармалізацыі адносін з Еўрапейскім Саюзам. У сувязі з гэтым Павел Латушка падкрэсліў, што надзвычай важна, каб з боку Бруселя і еўрапейскіх сталіц гучаў выразны і адназначны пасыл: рэжым павінен пачаць дыялог з грамадствам, правесці рэальныя, а не касметычныя змены ў маштабнай рэпрэсіўнай палітыцы ўнутры краіны, спыніць падтрымку агрэсіі Расіі супраць Украіны і гібрыдную агрэсію ў дачыненні да суседніх дзяржаў.
Павел Латушка таксама праінфармаваў пра працу НАУ па прыцягненні Лукашэнкі і яго паплечнікаў да міжнароднай крымінальнай адказнасці за здзейсненыя міжнародныя злачынствы. Ён звярнуўся з просьбай да Латвіі падтрымаць намаганні, накіраваныя на дасягненне адказнасці для злачынцаў і справядлівасці для ахвяр злачынстваў.
Пасол Раймандс Янсанс выказаў падтрымку дзейнасці дэмакратычных сіл Беларусі і беларускага грамадства ў гэты складаны перыяд развіцця краіны.
Таксама спадар Янсанс наведаў выставу ў Музеі Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу – 123», прысвечаную 123 беларускім палітзняволеным, вызваленым 13 снежня і прымусова дэпартаваным рэжымам Лукашэнкі.
@CabinetBelarus



